“Калі беларусы перададуць Амрыева ў Расію, мы яго больш жывым не пабачым”

“Калі беларусы перададуць Амрыева ў Расію, мы яго больш жывым не пабачым”

7 чэрвеня ў Добрушы беларускія памежнікі затрымалі байца змешаных баявых мастацтваў (ММА) Мурада Амрыева. Падставай для затрымання стала тое, што чачэнскія ўлады абвясцілі спартсмена ў федэральны вышук, абвінаваціўшы ў выкарыстанні заведама падробленага пашпарта.

Мурад Амрыеў вядомы не толькі сваімі спартовымі перамогамі, але і тым, што ў 2013 годзе распавёў пра катаванні ў чачэнскім МУС.

“Калі беларусы перададуць Амрыева ў Расію, мы яго больш жывым не пабачым”
Мурад Амрыеў, фота zn.ua

Чаму расійскія праваабаронцы непакояцца за лёс Мурада Амрыева і просяць беларускіх праваахоўнікаў перагледзець сваё рашэнне аб экстрадыцыі, Еўрарадыё расказвае старшыня расійскага Камітэта па прадухіленні катаванняў Ігар Каляпін.

Еўрарадыё: Чаму сітуацыя вакол Мурада Амрыева выклікае ў вас такую занепакоенасць?

Ігар Каляпін: Справа ў тым, што ў 2013 годзе адзін высокапастаўлены чачэнскі паліцэйскі надумаў выкарыстаць Мурада Амрыева ў якасці закладніка, каб прымусіць яго старэйшага брата (якога падазраюць у замаху на высокапастаўленага паліцэйскага чыноўніка Магамеда Дашаева — Еўрарадыё) вярнуцца з Германіі ў Расію. Мурад быў схоплены, яго трымалі ў падвале, білі, катавалі токам, здзекаваліся, а праз двое сутак прывезлі сваякам, спецыяльна іх усіх сабралі і сказалі, што калі старэйшы брат з Германіі не вернецца, то адказнасць перад тым паліцэйскім будзе несці брат малодшы.

Мурад пасля гэтага звярнуўся ў Следчы камітэт, да праваабаронцаў, у нашу арганізацыю. А пасля з’ехаў з Расіі ва Украіну. Каб яго злавіць, калі ён усё ж такі з’явіцца ў Расіі, была прыдуманая нагода. Справа ў тым, што 15 гадоў таму, калі Мурад атрымліваў пашпарт узамен згубленага падчас бамбёжкі, яму выдалі дакумент з памылковай датай нараджэння — замест 1985 стаіць 1986 год. З гэтым пашпартам ён 13 гадоў без праблем пражыў у Чачэнскай Рэспубліцы, але калі спатрэбілася падстава распачаць крымінальную справу і аб’явіць яго ў вышук, чачэнская паліцыя завяла справу па артыкуле “Выкарыстанне фальшывага дакумента”.

Еўрарадыё: Гэта сур’ёзны артыкул?

Ігар Каляпін: Не. Па ім няма пазбаўлення волі, толькі штраф. І па гэтым артыкуле чалавека немагчыма арыштаваць, але весці яго вышук дазволена. У 2015 годзе справу гэтую спынілі ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўніны. Але ў 2016 годзе мы са здзіўленнем даведваемся, што крымінальная справа адноўленая, а ў лютым 2017 года Амрыеў зноў з’яўляецца ў базе федэральнага вышуку. Ён таксама даведаўся пра гэта выпадкова: калі паехаў з Кіева ў Маскву, каб падоўжыць сабе візу. У Бранску яго з цягніка ссадзілі памежнікі. Супрацоўнікі бранскай паліцыі інфармавалі аб яго затрыманні ініцыятара вышуку — чачэнскую паліцыю. З Грознага ў Бранск накіравалі сваіх сілавікоў, але пакуль тыя дабіраліся да месца, тэрмін затрымання — 48 гадзін — скончыўся. І бранскія паліцэйскія яго законна вызвалілі. Чачэнцы спрабавалі Амрыева проста захапіць ці выкрасці, але Мурад ад іх уцёк. Мы разлічвалі, што ён пасля гэтага звяжацца з нашым адвакатам, але ён вырашыў вярнуцца праз Беларусь ва Украіну. Дзе і быў затрыманы беларускімі памежнікамі. Цягам ночы Мурада апытвалі ў РУУС Добруша.

Еўрарадыё: Ведаем, што людзі, у тым ліку расіяне, месяцамі чакаюць рашэння аб экстрадыцыі, а наконт Мурада ўжо раніцай 8 чэрвеня было прынятае рашэнне — вышлюць у Расію цягам дня. Вас гэта не здзіўляе?

Ігар Каляпін: Ноччу я перамаўляўся з беларускімі адвакатамі, юрыстамі і праваабаронцамі, і ўсе яны ў адзін голас казалі, што ніякай хуткай экстрадыцыі не будзе, што людзі чакаюць рашэння месяцамі. І калі сёння на мяжы Амрыева прымуць не бранскія паліцэйскія, а чачэнскія “оперы”, якія ўчора спрабавалі яго ў Бранску захапіць, то яго даставяць у Чачню, і хутчэй за ўсё мы больш ніколі Мурада не ўбачым. Такіх выпадкаў у Чачні дзясяткі. Па іх распачатыя крымінальныя справы Следчым камітэтам, мы на гэтых працэсах прадстаўляем інтарэсы сваякоў, але ўсе мы выдатна разумеем: гэтых людзей даўно няма сярод жывых.

Еўрарадыё: Але калі яго ўсё ж прывязуць у Бранск, там ён можа сплаціць штраф і будзе свабодны?

Ігар Каляпін: Штраф яму мусіць прызначыць суд, які павінен адбыцца ў Чачні. Менавіта на гэтай падставе чачэнскія паліцэйскія настойваюць, каб ім Мурада аддалі, яны яго адвязуць у Чачню. Але хутчэй за ўсё яго туды нават не давязуць. Потым мы пачуем, што яго альбо адпусцілі па дарозе, бо тэрмін затрымання ў 48 гадзін скончыўся. Ну, ці давязуць, але там ён знікне, а нам скажуць, што ён уцёк і хаваецца. Але ў тым, што мы Амрыева не ўбачым, калі яго перададуць чачэнскай паліцыі, я практычна не сумняваюся!

Еўрарадыё: Але якія могуць быць прэтэнзіі ў гэтай сітуацыі да беларускага боку? Чалавек у вышуку, і мы выканалі міждзяржаўныя дамоўленасці…

Ігар Каляпін: Калі Амрыева забяруць чачэнскія паліцэйскія, адбудзецца трагедыя. А ў такім выпадку ўсе службовыя асобы, якія бяруць удзел у гэтых перадачах-выдачах, проста стануць саўдзельнікамі.

Еўрарадыё: Вы і пра беларусаў цяпер кажаце?

Ігар Каляпін: Так. Ужо таму, што сёння раніцай мы накіравалі факс ва УУС Гомельскага аблвыканкама з інфармацыяй пра тое, што адбываецца, каго і куды яны высылаюць. Таму я лічу, што і УУС Гомеля будзе несці сваю долю адказнасці за тое, што далей адбудзецца з чалавекам. Тут ужо нават няважна, якой краіны ён грамадзянін. Ён знаходзіцца ў смяротнай небяспецы — гэта праўда.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі