Кадравае агенцтва: Пасля ўніверсітэта бяруць вузкапрофільных спецыялістаў

“Сістэма вышэйшай адукацыі грунтуецца на патрэбах учорашняга дня і не рыхтуе тых, хто рэальна патрэбны эканоміцы. Але дзіўна, чаму сістэма вышэйшай адукацыі можа працаваць па учорашніх стандартах і рыхтаваць паводле патрэбаў учорашняга дня?” — задаецца пытаннем Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях занятасці і міграцыі ў Беларусі.

На БЕЛАЗе кадрамі з універсітэтаў ў цэлым задаволеныя. Але больш цэняць выпускнікоў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага і Полацкага ўніверсітэтаў.

“Мы карыстаемся тэхнічнымі ВНУ. У асноўным — БНТУ. Маладыя спецыялісты ў нас застаюцца пасля адпрацоўкі, калі яны мясцовыя. Тыя, хто з іншых гарадоў, вяртаюцца да сябе”, — апісваюць на прадпрыемстве.

Мінскі аўтамабільны завод ацэньвае кожнага спецыяліста паасобку.

“У нас кожны год да 120 чалавек прыходзяць. Розныя ёсць, ёсць і бесталковыя, а ёсць наадварот”, — кажуць ва ўпраўленні кадраў.

Працадаўцам патрэбныя спецыялісты адразу з досведам, ацэньваюць у кадравым агенцтве, дзе за пошук спецыялістаў плацяць прадпрыемствы.

“Яны хочуць спецыялістаў, якіх не трэба навучаць. Студэнтаў таксама браць на працу не хочуць. Да нас інжынерынгавыя кампаніі звяртаюцца і будаўнічыя. А адразу пасля ўніверсітэта бяруць, калі вузкапрофільная спецыяльнасць”, — апісвае супрацоўніца агенцтва Святлана.

І прыводзіць прыклад: без досведу цяпер шукаюць спецыяліста па кацельных.

“Найбольшы попыт на матэматычныя спецыяльнасці”, — аналізуюць у аддзеле кадраў БДУ. Непапулярныя ў працадаўцаў спецыяльнасці не называюць.

Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт у Мінску на дэфіцыт працы для выпускнікоў не скардзіцца: заявак хапае.

“Студэнты і самі знаходзяць, калі не падабаецца тое, што мы ім прапануем. На ўсіх спецыяльнасцях заявак дастаткова. А свабодны дыплом — толькі, калі льготы ёсць”.

Летась універсітэты выпусцілі 82 тысячы чалавек. З іх 46% юрысты, 19% — інжынеры, архітэктары і будаўнікі, 11% — педагогі, 7% — лекары і сацыяльныя работнікі, 6% — спецыялісты ў галіне сельскай гаспадаркі, падлічвае Белстат.

Фота: fastpic.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі