Вы тут

Каб стаць творчым работнікам, альтэрнатыўным музыкам давядзецца пісаць партытуры

Наталля Куніцкая, аўтар паспяховага праекта Mustelide, клавішніца "Серебряной свадьбы", сольны выканаўца 2016 года паводле музычнай прэміі Еўрарадыё "Даём рады", вырашыла стаць афіцыйным творчым работнікам. Такі статус дазваляе не лічыцца дармаедам. Але экспертная камісія пры Мінкульце, якая выдае адпаведныя сертыфікаты, падрыхтавала сюрпрыз для "беларускай электроннай прынцэсы" (так яе называе прэса). У Наталлі папрасілі прадаставіць... партытуры яе твораў.

"Сказалі, што без нот нават не будуць разглядаць заяву, — узгадвае Наталля. — Я спрабавала давесці, што супрацоўнічаю з лэйблам, але ў мяне склалася ўражанне, што яны не чулі ніколі пра такое паняцце, як і пра тое, што музыка можа захоўвацца на лічбавых носьбітах. Мне давядзецца прадставіць у камісію музыку на фізічных носьбітах, хаця мая музыка распаўсюджваецца толькі шляхам лічбавай дыстрыбуцыі".

Mustelide — кампазітар і спявачка, якая працуе ў стылі электрапоп. Яе дэбютнік выйшаў на лічбавым індзі-лэйбле "Тёмные лошадки", адгалінаванні найстарэйшага расійскага рэкард-лэйбла "Союз Мьюзик". Наталля — запатрабаваная артыстка, які актыўна выступае як у Беларусі, так і за межамі краіны. Ці дапамогуць гэтыя акалічнасці атрымаць спявачцы сертыфікат ці ўсё ж "пісьмовы доказ" творчай дзейнасці больш важны для экспертаў?

"Па-першае, разглядаюцца ўсе дасягненні за апошнія тры гады, — пералічвае крытэрыі, па якіх музыку можа быць прысвоены статус творчага работніка, намеснік старшыні Беларускага саюза музычных дзеячаў і члена экспертнай камісіі Наталля Вітчанка. — Потым разглядаецца атрыманая прафесійная адукацыя. Калі чалавек мае вышэйшую ці хаця б сярэднеспецыяльную адукацыю, зразумела, шанцы яго павышаюцца. Той, хто не мае адукацыі, але прэтэндуе на званне кампазітара, мусіць прадставіць партытуры сваіх твораў. Бо цяпер такі ўзровень тэхнікі, які дазваляе сантэхніку сесці, націснуць кнопку і стаць Бахам, Моцартам ці кім заўгодна. Таму для таго, каб выключыць падобную спекуляцыю, мы і хочам ўбачыць іх працы ў пісьмовым выглядзе, каб было бачна, як людзі працуюць, а не проста націскаюць кнопкі. Але кожную заяўку мы разглядаем індывідуальна".

Атрымліваецца, лэйблы лэйбламі, а партытуры партытурамі. Таму не толькі Куніцкай, але і Раману Жыгараву, аўтару песень і басісту гурта Akute, давядзецца перакладаць сваю музыку на ноты, бо Рома таксама задумаўся пра атрыманне статусу:

"Я шмат кім працаваў. Мая працоўная кніжка хутка скончыцца. Але я знайшоў сябе толькі ў музыцы, таму хачу займацца толькі ёй. Я прынцыпова афіцыйна не працую чатыры гады. А паколькі Радзіме мы пастаянна нешта вінныя, я вырашыў паспрабаваць атрымаць сертыфікат".

Сярод тых, хто ўжо стаў творчым работнікам — салісткі гуртоў Aura Юлія Быкава (аўтар тэкстаў) і Napoli Вольга Шыманская (выканаўца). 

"Мы прыйшлі. Там сядзела камісія. Нас прадставілі. Усё было афіцыйна і прыгожа. Мы падрыхтавалі пра сябе інфармацыю: нашы кліпы, напрацоўкі, якія мы зрабілі за апошнія тры гады. Потым нам пачалі задаваць пытанні кшталту што вы робіце, якія песні спяваеце?. Мы распавялі, што і ў "Еўрабачанні" удзельнічалі, дзе выступаем. Усё было вельмі дружалюбна. А потым нам прыйшоў ліст, што мы атрымалі статус", — распавядае Вольга Шыманская. А прадзюсар "Ауры" Яўген Алейнік дадае, што камісія на чале з намесніцай міністра культуры Ірынай Дрыга вітала Юлію Быкаву словамі: "Мы ведаем вашы песні, дзякуй, што прыйшлі".

Па словах Наталлі Вітчанка, большасць прэтэндэнтаў, якія прыходзяць па статус творчага работніка, не паэты, тэатралы і мастакі, а менавіта "тыя, хто ўявіў сябе музыкам": маўляў, яны атрымліваюць адукацыю ў тэхнічных ВНУ, а потым ідуць на сцэну, робяць фанаграмы і становяцца артыстамі першай катэгорыі:

"Людзі гэтыя не бедныя. Яны атрымліваюць добрыя ганарары. Бывае, што яны ідуць "шэрым налам", а не праз касу. І заплаціць чатыры мільёны гэтыя людзі маглі б (падатак на дармаедства, — заўв. Еўрарадыё). Мяркую, што не трэба ім даваць статус прафесіяналаў. Няхай яны ці афармляюць ІП, ці заключаюць адпаведныя дамовы і праходзяць усе неабходныя інстанцыі Міністэрства па падатках. Мы ім даём такую індульгенцыю, якая, магчыма, заўчасная. Трэба працаваць".

А вось прадстаўнікі беларускіх рок-гуртоў ці музыкі з кавер-бэндаў, як і прафесійныя музыкі, якія скончылі Акадэмію музыкі ці Універсітэт культуры, пакуль па статус у экспертную камісію не звярталіся.

Як кампазітары і пісьменнікі не дазволілі мастаку стаць "творчым работнікам"