Як кампазітары і пісьменнікі не дазволілі мастаку стаць "творчым работнікам"

Як кампазітары і пісьменнікі не дазволілі мастаку стаць "творчым работнікам"

Каб не ператварыцца са свабоднага мастака ў дармаеда, 25-гадовы Вячаслаў Кліменка вырашае стаць творчым работнікам. Адпаведны сертыфікат можна атрымаць пры Міністэрстве культуры, а потым пяць гадоў займацца любімай справай і не плаціць дзяржаве падатак у дваццаць базавых. Але ёсць некалькі ўмоваў.

"Гэта павінна быць прафесійная творчая дзейнасць, ахвотныя павінны прэзентаваць недзе публічна вынікі сваёй творчай дзейнасці, — пералічвае пункты першая намесніца міністра культуры Ірына Дрыга. — І другая ўмова: гэтыя вынікі творчай дзейнасці накіроўваюцца на экспертызу, і не менш двух экспертных заключэнняў павінна быць".

І вось Вячаслаў, эканаміст па адукацыі, але мастак па прызванні, запаўняе ўсе анкеты, збірае дакументы, рэкамендацыі ад мастацтвазнаўцы Таццяны Бембель і мастака, сябра Беларускага саюза мастакоў Алега Касцючэнкі, прыкладае сваю біяграфію і карціны і ідзе ў мінкульт. 

Як кампазітары і пісьменнікі не дазволілі мастаку стаць "творчым работнікам"
Карціна Вячаслава Кліменкі, датаваная 2015 годам

25 лістапада, паседжанне экспертнай камісіі. Разам з Вячаславам пад дзвярыма топчацца яшчэ восем патэнцыйных творчых работнікаў, сярод іх кампазітар, музыкант і два пісьменнікі.


"Сама сутнасць камісіі мусіць быць у тым, што яна ўпэўніваецца, што чалавек не збірае бутэлькі на вуліцы, ён займаецца творчасцю, у яго ёсць працы, і ён іх можа паказаць. На практыцы ўсё апынулася зусім не так, — расказвае Вячаслаў Кліменка. — Камісію не цікавілі мае працы і я, як творца. Ім трэба было даведацца, колькі ў мяне прайшло выставаў, якія маю ўзнагароды і дасягненні".


Першыя поспехі Вячаслава Кліменкі на мастацкай глебе былі ўзнагароджаныя прэзідэнцкай стыпендыяй па падтрымцы таленавітай моладзі. Хлопцу тады было трынаццаць гадоў. Праз тры гады юны мастак трапляе ў анталогію карыкатурыстаў "Беларусы смяюцца", выдадзеную "Мастацкай літаратурай". Затым ідзе перыяд самаадукацыі (Кліменка кажа, што свядома не паступае ў Акадэмію мастацтваў, "каб пазбегнуць шаблоннасці") і спроба сябе ў жывапісе.


Цяпер мастак рыхтуе персанальную выставу, якая адкрыецца ў галерэі TUT.by у красавіку. Гэтыя дасягненні Кліменкі не пераконваюць экспертную камісію, малады чалавек атрымлівае праз пошту адмову ў сертыфікаце.


"Мае працы — гэта пошук чалавека, пошук асобы, не капіяванне нечага чужога, а стварэнне, — тлумачыць хлопец. — Я спрабаваў пра гэта распавесці, расказаць пра карціны. Мае словы ігнаравалі. Не давалі дагаварыць, перабівалі. І само правядзенне паседжання ў міністэрстве культуры было зусім не культурным: частка камісіі сядзела да мяне спінай, і мы не бачылі твары адзін аднаго".

Як кампазітары і пісьменнікі не дазволілі мастаку стаць "творчым работнікам"
Праца з серыі "Парадак свячэння". 2015 год

Экспертную камісію пры Мінкульце складаюць прадстаўнікі творчых саюзаў, Акадэміі навук ды мастацкіх ВНУ. Як сцвярджае малады чалавек, у камісіі ён, сын мастака, які ўсё жыццё правёў у мастацкім асяроддзі, не заўважыў ніводнага мастака. Ён не разумее, як могуць тэатралы, кампазітары і пісьменнікі з камісіі, якія наўрад ці добра разбіраюцца ў жывапісе, ацэньваць яго працы. Тым не менш, Кліменку рэкамендуюць паступаць у Акадэмію мастацтваў і прыходзіць за "статусам" праз год.


Што стала прычынай адмовы ў статусе творчага работніка: адсутнасць узнагарод і выставаў ці прафесійнай адукацыі?

Як кампазітары і пісьменнікі не дазволілі мастаку стаць "творчым работнікам"

"Адукацыя важная, але не заўсёды, — кажа старшыня Саюза беларускіх мастакоў, член экспертнай камісіі Рыгор Сітніца. Ён прыгадвае, што нядаўна статус творчага работніка атрымаў вядомы авангардыст Валерый Песін, "які даўно зарэкамендаваў сябе ў мастацкай супольнасці, хоць і не мае адпаведнай адукацыі".


Па словах Сітніцы, часам у экспертнай камісіі ўзнікаюць дыскусіі. Напрыклад, прафесійнаму мастаку бывае цяжка давесці пісьменніку ці кампазітару розніцу паміж сапраўдным мастацтвам і высокакласным рамесніцтвам.


"Дзе тая мяжа, я ніколі некаторым прадстаўнікам камісіі не патлумачу", — смяецца Сітніца. Спадар Рыгор распавядае, што сярод прэтэндэнтаў на званне творчых работнікаў сустракаюцца і дзіўныя персанажы. Напрыклад, хатняя гаспадыня, якая бісерам расшывае падушачкі для іголак. Ці блогерша, якая піша парнаграфічныя апавяданні.

Дарэчы, працам Вячаслава Кліменкі, якія даслалі ў Саюз мастакоў з мінкульта, Сітніца даў станоўчую характарыстыку. Хоць і мяркуе, што творчасць хлопца знаходзіцца на мяжы кічу: маўляў, бачна, што ён дзейнічае інтуітыўна і некалькі хаця б прыватных урокаў яму не перашкодзіла. Тым не менш, Сітніца быў упэўнены, што ніякіх праблем з атрыманнем статуса ў Кліменкі не будзе. Сам жа не прысутнічаў на паседжанні, бо быў у адпачынку.

Як кампазітары і пісьменнікі не дазволілі мастаку стаць "творчым работнікам"

"Адсоткаў 80-85 з тых, хто прэтэндуе на статус, атрымліваюць сертыфікаты. І толькі нязначнай колькасці альбо прапануем праз год прыйсці, альбо, калі ўжо зусім нешта жахлівае, адмаўляем, — кажа Еўрарадыё прадстаўнік экспертнай камісіі, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Георгій Марчук. — Калі чалавек ставіцца да творчасці сур'ёзна, гэта бачна па яго працах і па яго размове: як чалавек гаворыць, чым ён заклапочаны, чым жыве. Адразу ж бачыцца, што не халтурыць чалавек, а творчасць сур'ёзная. Вось, напрыклад, нядаўна сертыфікат атрымаў вядомы гурт Napoli".

Вячаслаў Кліменка праз год зноў прыйдзе ў мінкульт. На рахунку мастака будзе персанальная выстава і заплачаны падатак на дармаедства.

Фота з сацыяльных сетак, а таксама www.main.lim.by і zviazda.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі