Іпэшнікам дазволяць не плаціць унёскі ў ФСАН за час, калі яны не працавалі

Іпэшнікам дазволяць не плаціць унёскі ў ФСАН за час, калі яны не працавалі

У Беларусі распрацаваныя змены па выплаце страхавых унёскаў індывідуальнымі прадпрымальнікамі, натарыусамі і адвакатамі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН). 

У прыватнасці, прапануецца, каб унёскі былі прапарцыйныя адпрацаванаму часу. Таксама плануецца вырашыць праблему са страхавымі адлічэннямі самазанятасці. 

Усе гэтыя змены ёсць у распрацаваным праекце прэзідэнцкага ўказа па змяненні парадку выплаты унёскаў у бюджэт фонду індывідуальнымі прадпрымальнікамі, а таксама самазанятымі, піша tut.by.

Іпэшнікаў, як і натарыусаў і адвакатаў, плануецца вызваліць ад абавязковай выплаты унёскаў за тыя перыяды, у якія яны не будуць ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць.

Сёння ІП абавязаныя заплаціць за ўсе 12 месяцаў унёскі ў бюджэт ФСАН, нават калі яны не працавалі. Мінімальная сума унёскаў складае 35% ад мінімальнага заробку. За 2017 год гэта складае 1113 рублёў (па 92,75 рубля ў месяц). 

Паводле новага ўказу, ніжняя планка унёскаў застанецца ранейшая — 35% ад мінімалкі у месяц. Але будзе ўведзеная прапарцыйнасць адпрацаванаму часу. Пры гэтым не плаціць унёскі можна будзе незалежна ад прычыны неажыццяўлення дзейнасцi.

Дарэчы, тыя ІП, якія клапоцяцца пра памер сваёй будучай пенсіі, могуць плаціць унёскі больш за 35% мінімалкі як цяпер, так і пасля прыняцця зменаў. Суму, з якой робяцца ўнёскі, яны пры гэтым вызначаюць самастойна ў залежнасці ад выручкі. 

Плануецца, што ІП будуць выплочваць унёскі ў ФСАН за наёмных работнікаў у абавязковым парадку.

Акрамя таго, у прэзідэнцкім указе хочуць прапісаць, што ІП, адвакаты і натарыўсы могуць рабіць унёскі ў ФСАН не толькі штогод (не пазней за 1 сакавіка наступнага года), але і штодня, штомесяц, штоквартальна.

Самазанятыя на сёння не могуць плаціць адлічэнні ў ФСАН, таму не могуць разлічваць ні на бальнічны, ні на працоўную пенсію. Гэтую сітуацыю павінен выправіць новы ўказ: ён дасць самазанятым магчымасць добраахвотна выплочваць унёскі ў ФСАН і, адпаведна, прэтэндаваць на пенсію і бальнічныя.

Гэты праект указа плануецца бліжэйшым часам абмеркаваць на пасяджэнні грамадска-кансультацыйнага савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Мінэканомікі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі