Інтэрв'ю Лукашэнкі латышскім дзецям зацікавіліся спецслужбы

Інтэрв'ю Лукашэнкі латышскім дзецям зацікавіліся спецслужбы

Інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі латышскім падлеткам на "Славянскім базары" зацікавіліся спецслужбы, піша Delfi.

Выявілася, што Рыжская дзіцячая акадэмія радыё і тэлебачання Academy KidsTV, якой арганізавалі размову з беларускім кіраўніком, не мае акрэдытацыі і ліцэнзіі, то бок, фактычна працуе без законных падставаў. Цяпер яна знаходзіцца пад увагай Службы дзяржаўнай бяспекі (СДБ) Латвіі і Бюро па абароне Сатверсме.

Поўная версія інтэрв'ю латвійскіх дзяцей з Лукашэнкам была апублікаваная на старонцы БЕЛТА. 

"Як вы і казалі, прэзідэнтам не становіцца, прэзідэнтам нараджаюцца — раскажыце нам, якая формула поспеху Аляксандра Лукашэнкі?" запыталіся дзеці, якія нібыта выпадкова з камерай наткнуліся на кіраўніка Беларусі. Лукашэнка адказаў, што нарадзіўся прэзідэнтам і раскрытыкаваў заходніх палітыкаў.

У МЗС Латвіі заявілі, што дзеянні Academy KidsTV, якія тычацца паездкі ў Беларусь, непрымальныя. 

"Такія на першы погляд бяскрыўдныя візіты ў адукацыйных мэтах могуць абярнуцца для нашых жыхароў вельмі непрыемнымі інцыдэнтамі. Іх выкарыстоўваюць як прыманку", — зазначыў прадстаўнік МЗС Латвіі Марцінш Дрэгерыс.

У Службе дзяржаўнай бяспекі краіны мяркуюць, што ў цяперашняй геапалітычнай сітуацыі выказванне любой падтрымкі Расіі і яе саюзніку — Беларусі — супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі. Цікавасць да лідараў гэтых краін дазваляе ім распаўсюджваць прапаганду, якая апраўдвае ці ўслаўляе знешнюю палітыку Расіі і Беларусі. 

Цяпер зразумела, навошта беларускім уладам была гэтая пастаноўка. Каб цяпер ва ўсё горла вапіць, што ў Еўрасаюзе дзяцей пераследуюць за інтэрв'ю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі