"Ім гэтая Зыбіцкая як бяльмо на воку"

"Ім гэтая Зыбіцкая як бяльмо на воку"

На тусовачную вуліцу Зыбіцкую ў Мінску ўпершыню з пачатку 2017 года прыйшла праверка. Ды не проста нейкі там маніторынг з Мінгандлю ці МНС, а міграцыйная служба ў суправаджэнні АМАП. Шукалі сярод супрацоўнікаў рэстаранаў "украінцаў, казахаў і людзей усходняй знешнасці", глядзелі на іх дакументы і, па звестках рэстаратара Івана Мураўёва, звезлі як мінімум траіх у класічным "сінім бусе".

"Ім гэтая Зыбіцкая як бяльмо на воку"
Фота: Іван Мураўёў

Чаму гэта важна? Вуліца Зыбіцкая стала для Мінска глытком неабмежаванай свабоды. Чуем "Зыбіцкая" — уяўляем party да раніцы. Аматары тусовак з'язджаюцца туды з усяго горада: хто проста выпіць віна ў прыемнай кампаніі, хто — да світання вандраваць з бара ў бар. Уявіць такое ў Беларусі пяць гадоў таму было ўвогуле немагчыма. А яшчэ гэта немагчыма кантраляваць на 100%, што, па словах аднаго з рэстаратараў, вельмі не падабаецца міліцыі.

"Мы самі ўсё тут знойдзем"

Увогуле, рэстаратары пагаджаюцца каментаваць сітуацыю толькі ананімна. Мы датэлефанаваліся ў некалькі ўстановаў, якія трапілі пад праверку. У адной з іх Еўрарадыё распавядаюць, як правяральшчыкі паводзілі сябе:

"Першым ішоў міліцыянт у форме. Сапраўдны амапавец, які можа адарваць галаву. За ім два такія хлопчыкі: дробныя, жылістыя, энергічныя, у скураных пінжаках. Яны адразу накіраваліся на кухню, дзверы штурханулі з нагі. Адміністратару, які прапанаваў дапамогу, адказалі "Мы самі ўсё тут знойдзем". Калі іх усё ж неяк спынілі, падышоў яшчэ адзін мужчына, больш спакойны, і патлумачыў, што сярод персаналу рэстаранаў шукаюць нелегалаў: украінцаў, казахаў і людзей усходняй знешнасці".

У бары "Клумба" правяраючыя пачулі пах кальянаў і адразу ж запатрабавалі паказаць супрацоўніка, які імі займаецца. "Прыйшоў іх кальяншчык — нардычны бландын. З такой знешнасцю шведам можна быць. Ды кім заўгодна, але дакладна не ўсходнім чалавекам. Але ж усё роўна запатрабавалі ад яго паказаць пашпарт. А ў Martlet увогуле ўсіх пастроілі ў шэраг і загадалі паказаць пашпарты".

Гэта вельмі кантрастуе са звычайнымі паводзінамі міліцыянтаў, якія працуюць на Зыбіцкай. Летась АМАП затрымаў там некалькі чалавек, якія выпівалі не ў барах, а проста на тратуарах, побач з летнімі тэрасамі. Адбыўся скандал, і сёлета ахоўнікі правапарадку паводзяць сябе падкрэслена карэктна.

"У гадзіну ночы пацімэйкеры толькі падцягваюцца"

Па выніках праверкі не складзена ніводнага пратаколу, ніхто не атрымаў прадпісанняў. "Санкцыі, калі будуць уводзіцца, будуць уводзіцца гадзінамі працы", — распавядае Еўрарадыё яшчэ адзін рэстаратар з Зыбіцкай.

Сапраўды, за некалькі дзён да міграцыйнай праверкі рэстараны, што знаходзяцца ў бліжэйшым да Свіслачы куце "тусовачнага" дома па Зыбіцкай, 6, атрымалі лісты з паведамленнем, што іх час працы збіраюцца скараціць да 23:00. "Для іх гэта смерць. Ёсць, напрыклад, блінная. Ёсць вінны рэстаран. Адтуль госці самі сабой разыходзяцца да поўначы. Бо людзі, якім віно цікавае як прадукт, не будуць сядзець усю ноч. Але ў суседніх рэстаранах апоўначы толькі пачынаецца пекла. Усе апошнія ўзгадненні [часу працы. — Еўрарадыё] былі толькі да гадзіны ночы. А ў гэты час пацімэйкеры толькі падцягваюцца. Таму шмат хто парушае".

Некаторыя рэстараны кіруюцца інструкцыямі Мінгандлю. Калі прыходзіць час закрыцця, яны зачыняюць дзверы, але нікога не выганяюць і працуюць "да апошняга кліента". Але некаторыя парушаюць адкрыта. І для іх у правяральшчыкаў быў падрыхтаваны сюрпрыз:

"У 1:35-1:40 з'явіліся нейкія людзі з фотаапаратамі. Яны проста гулялі, калупаліся ў носе, дыхалі паветрам і здымалі, што адбываецца ва ўстановах, і час працы на дзвярах. А пасля ў тых, хто парушаў, пачаліся праблемы. Вычапілі як мінімум два такія рэстараны. І гэта, сапраўды, самы негатыўны момант праверкі".

"Ім гэтая Зыбіцкая як бяльмо на воку"

Калі рэстаран хоча працаваць да 23:00, яго час працы ўзгадняецца ў раённай міліцыі. Але, калі хочацца працаваць пазней, трэба звяртацца ў гарадское ўпраўленне. "І там усё нашмат складаней, — працягвае рэстаратар. — Не любяць яны нас. Ім гэтая Зыбіцкая як бяльмо на воку. Там нешта адбываецца незразумелае, і яны на гэта дрэнна рэагуюць. Бо нашая дзяржава хоча ўсё кантраляваць, а кантраляваць Зыбіцкую немагчыма".

Некаторыя ўстановы скарэктавалі свой час працы, не чакаючы праверак. Напрыклад, "Курылка" раней працавала да 6-й раніцы — гэта было выгравіравана на шыльдзе бара. А цяпер там сціплая налепка "Штодня з 12:00 — 2:00".

"Ім гэтая Зыбіцкая як бяльмо на воку"
Фота: Іван Мураўёў

БПЦ: Адчуваем нязручнасці, але ж суседзяў не выбіраюць

Адразу ж пасля праверкі папаўзлі чуткі, што атака на Зыбіцкую звязаная з пазіцыяй Беларускай праваслаўнай царквы. Зусім побач з "тусовачным кластарам" месціцца велічны Свята-Духаў кафедральны сабор, а Мінская духоўная акадэмія дык і ўвогуле мае адрас: вуліца Зыбіцкая, 27.

"Ім гэтая Зыбіцкая як бяльмо на воку"

"Ніякай афіцыйнай пазіцыі ў Царквы з гэтай нагоды няма. Але ж магу сказаць, што некаторыя працэсы, якія адбываюцца за сценамі нашых духоўных школ, непакояць нас. Безумоўна, там ёсць спакуса для маладых людзей. Здаралася, што пастаяльцы інтэрната, дзе жывуць навучэнцы семінарыі і часам размяшчаюцца нашы госці, скардзіліся на шум. Але ж суседзяў не выбіраюць, — каментуе Еўрарадыё протаіерэй Сяргей Лепін, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ. — Хочацца верыць, што нязручнасці, якія мы адчуваем, не бессэнсоўныя. Можа, людзі, якія наведваюць усе гэтыя ўстановы, ад асэнсавання блізкасці да цэнтра духоўнай адукацыі прасякнуцца нейкімі высокімі думкамі. І калі яны ў гэты дзень выпаляць на адну цыгарэту менш і вып'юць на адзін келіх менш, і падумаюць пра Бога, нашы нязручнасці акупяцца спаўна". 

Амінь!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі