Хірургію Віцебскага анкадыспансера зноў аддаюць пад хворых з COVID-19

Колькасць пацыентаў з COVID-19 у Беларусі расце / З архіву БЕЛТА​
Колькасць пацыентаў з COVID-19 у Беларусі расце / З архіву БЕЛТА​

З 16 лістапада хірургічны корпус Віцебскага анкадыспансера перапрафіляваны пад хворых з каранавіруснай інфекцыяй, перадае БЕЛТА са спасылкай на начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіла Вішнявецкага.

У хірургіі анкадыспасера ўжо ляжыць каля 100 чалавек з COVID-19. Але, як кажуць медыкі, ёсць магчымасць павялічыць колькасць ложкаў да 210, магутнасць шпіталя дазваляе.

Раней з 13 лістапада толькі для цяжарных і пацыентак з COVID-19 пачала працаваць Віцебская абласная клінічная радзільня.

У першую хвалю віцебскія медыкі таксама былі вымушаныя перапрафіляваць частку медустаноў горада ў інфекцыйныя. Хворых з каранавіруснай інфекцыяй прымаў у тым ліку і анкадыспансер. Але масачны рэжым тады не ўводзілі. Цяпер жа масачны рэжым уведзены на ўсёй тэрыторыі Віцебскай вобласці.

У панядзелак стала вядома, што масачны рэжым таксама ўведзены на тэрыторыі Мінскай вобласці. Напярэдадні ў эфіры Беларускага тэлебачання галоўны санітарны ўрач краіны Аляксандр Тарасенка заявіў, што масачны рэжым праз істотны рост захворванняў будзе ўведзены па ўсёй краіне. Рашэнне пра гэта мусяць прыняць рэгіянальныя ўлады.

15 лістапада ў Беларусі быў усталяваны чарговы антырэкорд па колькасці выяўленых пацыентаў з каранавірусам за суткі — 1315. Усяго з пачатку пандэміі, паводле афіцыйных дадзеных, зарэгістравана 114 тыс. 185 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Памерла 1046 пацыентаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі