Хакейная опера-буф "0:1": Як у сям'і хакеістаў жыў сын-музыка

У межах акцыі "Ноч музеяў" у лядовай арэне "Юнацтва" адбудзецца прэм'ера хакейнай оперы-буф "0:1". Стварылі яе адмыслова для сустрэчы чэмпіянату свету па хакеі кампазітарка Вольга Падгайская і музыка-лібрэтыст Віталь Дарашук.


"Сюжэт даволі камічны, — распавядае пра лібрэта оперы Віталь. — У сям'і хакеістаў расце сын-музыкант. Яго бацькі і браты-хакеісты пастаянна яго папракаюць у  любові да музыкі. У музыкі з'яўляецца Муза, якая, як высвятляецца,  цярпець не можа музыку, а таксама любіць хакей. І вось аднойчы да музыкі прыходзяць браты і кажуць, што ён мусіць узяць удзел у матчы, бо ў камандзе захварэў гулец. Ён упэўнены ў сваім правале. Але Муза, яна ж каментатарка матча, яго цалуе, чым натхняе на забіванне пераможнай шайбы. Праўда, матч аказваецца сном. Браты з бацькамі збіраюцца на канцэрт малодшага брата. Напрыканцы прагучаць словы "Музыка — гэта лёс, і хакей — гэта лёс", то бок, і музыка, і хакей — адна жарсць".


Па форме опера "0:1" нагадвае класічную італьянскую оперу-буфа, кажа Вольга Падгайская. У ёй можна знайсці барочныя алюзіі і цалкам сучасныя музычныя рашэнні.


Праект падтрымалі сімфанічны аркестр і хор музычнай капэлы "Санорус", а таксама салісты Вадзім Сялочнік, Андрэй Якушаў, Сяргей Долгушаў і Кацярына Зуева. Цікава, што гледачы ўбачаць невялікі хакейны матч, а героі оперы будуць раз'язджаць па лядовай арэне на каньках.


Пастаноўка оперы ладзіцца выключна сіламі музыкаў і музея імя З.Азгура, які арэндуе пляцоўку "Юнацтва".


Чакаецца, што опера будзе паказаная толькі аднойчы. Пачатак у 22.30 17 траўня.

На фота стваральнікі оперы
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі