Вы тут

Гурт TonqiXod сабраў неабходныя 50 мільёнаў на новы альбом

Гурт TonqiXod сабраў неабходныя 50 мільёнаў на новы альбом за тры дні да закрыцця краўдваўндынг-праекта. Але рэальна, пасля розных камісій і падаткаў гурту застанецца толькі 43 мільёны. З гэтай нагоды музыкі прапануюць сваім прыхільнікам працягваць далучацца да кампаніі, забяспечваючы сабе будучы дыск, квіток на канцэрт ці іншыя падарункі, а заадно дапамагаючы такім чынам пакрыць камісійна-падаткавы цяжар.

“У прадукцыю альбому ўваходзіць прыгожы дызайн, добрая падрыхтоўка прэзентацыі, добрае звдязенне і майстарынг. Гэта акрамя ўласна запісу, — распавядае лідар гурта Уладзь Лянкевіч. — Вось гэтых 43-х мільёнаў, якія застануцца, натуральна, на запіс і частку звядзення мусіць хапіць. А вось з усім астатнім, кшталту друка дыску, тым, як гэта добра прэзентаваць, ужо могуць пачацца праблемы. Але мы ўдзячныя нашым сябрам, слухачам і ўсім, хто спрычыніўся да кампаніі. Гэта вельмі вялікі сапорт. Для стартавага рыўка гэта класна, і тут няма на што жаліцца”.

Музыкі ўжо пачалі працаваць у студыі над новым матэрыялам, які яшчэ не быў нідзе засвечаны. Некаторыя інструменты ўжо цалкам прапісаныя, але музыкі не спяшаюцца, бо вызначылі сабе тэрмін выдання — канец 2016 года. Уладзь прызнаецца, што пэўнае бачанне будучага альбома ўжо існуе, напрыклад, ёсць разуменне, з якіх трэкаў ён будзе пачынацца. Але пакуль пра гэта казаць рана, бо гэта працоўныя рашэнні, якія могуць з цягам часу змяніцца.

“У гэтым плане пакуль можна сказаць токі тое, што альбом будзе складацца недзе з дзевяці кампазіцый, — кажа музыка. — Натуральна, мы плануем запісаць больш. Але мы вельмі сур’ёзна ставімся да выбудовы кампазіцыі самога альбома. І, калі мы ўбачым, што нейкі трэк не кладзецца, то мы спакойна яго выкінем, і ў гэтым няма ніякай праблемы”.

Дакладна вядома, што на другі паўнафарматнік мінскіх музыкаў “у тым ці іншым выглядзе” трапяць трэкі, выдадзеныя ў красавіку гэтага года ў выглядзе ЕР "Лямант, хаос і вэрхал". Выданне складаецца з трох песень ("Камняпад", "Лямант", "Марозная"), якія закліканыя распавесці кароткі змест будучага альбома.

Уладзь Лянкевіч дадае, што дыскі з новым альбомам у першую чаргу пойдуць тым, хто ахвяраваў на яго грошы. Але колькі гэта асобнікаў, пакуль не падлічвалі. Цяпер музыка заняты тым, каб напісаць больш за 60 “элегічных двувершаў”, якія таксама ўваходзяць у падарунак ад гурта за ўдзел у краўдфандынг-праекце.