У Карпатах грузавік з беларускімі турыстамі зваліўся з вышыні ў раку
![У Карпатах грузавік з беларускімі турыстамі зваліўся з вышыні ў раку](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/karpaty-0604-1.jpg.webp?itok=6XNqcaCM)
У Івана-Франкоўскай вобласці Украіны ў раку Чорны Чарамош зваліўся грузавік з людзьмі. Машына звалілася з вышыні каля 40 метраў, паведамляе Дзяржаўная служба Украіны па надзвычайных сітуацыях.
У аўтамабілі былі турысты з Беларусі. МЗС Беларусі пацвердзіў гібель траіх чалавек, а таксама паведаміў, што васмёра пасажыраў грузавіка застаюцца ў лякарні:
![У Карпатах грузавік з беларускімі турыстамі зваліўся з вышыні ў раку](/sites/default/files/paragraphs/image/mfapng.png)
Трагедыя адбылася 6 траўня каля 11-й гадзіны раніцы. У аўтамабілі ехалі 24 чалавекі — 23 турысты і кіроўца. Як інфармуе Нацыянальная паліцыя, турысты збіраліся зладзіць сплаў па рэчцы і накіроўваліся да месца прызначэння. З якой прычыны грузавік апынуўся ў рацэ, пакуль не вядома.
Падчас пошукаў былі знойдзеныя целы траіх чалавек без прыкметаў жыцця — мужчыны, які быў кіраўніком групы, і дзвюх жанчын. Ратавальнікі паведамілі, што яны выратавалі трох чалавек, а 16 выратаваліся самастойна. "Лёс аднаго чалавека застаецца невядомым. Пошукава-выратавальныя працы працягваюцца", — гаворыцца ў паведамленні.
![У Карпатах грузавік з беларускімі турыстамі зваліўся з вышыні ў раку](/sites/default/files/paragraphs/image/karpaty-0604-2.jpg)