Вы тут

Група малдаван, якія затрымаліся ў Беларусі праз пандэмію, вернецца ў Кішынёў

Reuters

17 красавіка група малдаван, якія затрымаліся ў Беларусі праз пандэмію COVID-19, вяртаецца з Мінска ў Кішынёў. Аўтобусны рэйс праходзіць праз усю тэрыторыю Украіны. Аператар — кампанія "Белтрансспецаўта" Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі.

Для каго арганізаваны гэты рэйс? І пры чым тут Кіраўніцтва справамі Аляксандра Лукашэнкі?

"У пасольстве [Малдовы] мне сказалі, што яны звярталіся да прыватніка, але ім там цэны загарадзілі такія, што... А мы ў прынцыпе працуем па тарыфах, якія ёсць, і на людзях неяк нажывацца не збіраемся. Ёсць работа, тарыф — мы паехалі", — расказвае Еўрарадыё намеснік дырэктара "Белтрансспецаўта" Андрэй Паноў. Інакш кажучы, рэйс не дабрачынны. Але тарыфы сходныя.

Рашэнне аб вяртанні малдаван з Беларусі на радзіму прыняў прэм'ер-міністр Малдовы Іон Кіку. У пасольстве Малдовы Еўрарадыё расказалі, што ўсе пасажыры — звычайныя грамадзяне, якія апынуліся ў Беларусі праз перакрыццё межаў. Самі дыпламаты плануюць і далей заставацца ў Беларусі.

"Гэта ўжо другі наш рэйс у Малдову будзе. Першы раз мы давалі маленькую [машыну] людзей вывозіць і нашых [беларусаў] назад прывозілі. Гэта быў мікрааўтобус, было 14 чалавек туды і назад столькі ж нашых з Малдовы прывозілі", — працягвае Андрэй Паноў.

Гэтым разам у "Белтрансспецаўта" заказаны вялікі пасажырскі аўтобус. Колькі чалавек паедзе, намеснік дырэктара кампаніі не ведае: "Магчыма, сорак ці больш".

Папярэдні рэйс з Мінска ў Кішынёў і назад на ўкраінскай тэрыторыі суправаджалі экіпажы дарожнай паліцыі Украіны: "Можна сказаць: ні кроку ўправа, ні кроку ўлева. Санітарныя прыпынкі толькі там, дзе яны вызначалі. У кожнай вобласці экіпажы мяняліся, і вось такое суправаджэнне было на ўсім шляху.

На ўкраінскай мяжы былі нейкія праблемы, і пакуль не ўмяшалася МЗС Украіны, нічога не вырашалася. Я сам там не быў, але там усё вырашалася на ўзроўні пасольстваў і МЗС".

Уязджаць у Малдову беларускаму мікрааўтобусу давялося праз памежны пункт каля Адэсы. Для гэтага і праўда прыйшлося перасекчы ўсю Украіну:

"Незразумела, як там ім Украіна давала дазвол. Але ў Малдову мы заязджалі не з боку Брэста, як бліжэй было ехаць: Брэст, Ковель а там ужо і Малдова. А чамусьці ехалі праз Адэсу. Там неяк атрымліваецца, што ва Украіны і Малдовы цяпер толькі адзін памежны пераход дзейнічае і да яго пад'езд з боку Адэсы".

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.