Вы тут

Група беларускіх медыкаў гатовая адправіцца ў Кітай

Фота выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі / riaderbent.ru​

Беларускія медыкі на чале з міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам гатовыя адправіцца ў Кітай. Там яны збіраюцца абмеркаваць з кітайскімі калегамі метады барацьбы з каранавірусам і прапанаваць сваю дапамогу.

Група ўжо сфарміраваная і гатовая да вылету. Але паколькі ў Кітаі ўспышка віруса, праходзяць дадатковыя ўзгадненні.

"Прынятыя меры бяспекі. Мы чакаем, калі яны [кітайскі бок — Еўрарадыё] нас выклічуць", — тлумачыць Еўрарадыё прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун. — На сёння гэты вірус недастаткова вывучаны. А ў нашых спецыялістаў ёсць вялікі вопыт барацьбы з інфекцыйнымі захворваннямі".

Акрамя міністра ў Кітай адправяцца галоўны інфекцыяніст Міністэрства аховы здароўя Ігар Карпаў, вірусолаг РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, галоўны рэаніматолаг і пульманолаг.

Ці не баяцца беларускія спецыялісты падчапіць у Кітаі небяспечны вірус?

"У першую чаргу, трэба ведаць і выконваць меры бяспекі. Усё будзе добра. Гэты вірус не такі жывучы, як некаторыя іншыя, — працягвае прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя. — Ён паддаецца захаванню звычайных правілаў гігіены. Мыйце рукі!"

Раней ад успышкі каранавіруса 2019-nCoV Міністэрства аховы здароўя рэкамендавала беларусам устрымацца ад паездак у Кітай найбліжэйшым часам. Раніцай 29 студзеня спецыялісты МНС адправілі туды 20 тон гуманітарнай медыцынскай дапамогі: антыбіётыкі, сродкі дэзінфекцыі, пальчаткі, маскі, аднаразовую вопратку для персаналу.

Па дадзеных на раніцу 29 студзеня, ад наступстваў каранавіруснай інфекцыі памерлі 132 чалавекі. Улады Кітая паведамляюць пра амаль 6 тысяч выпадкаў заражэння.

З 22 студзеня ў мінскую інфекцыйную бальніцу паступіла шэсць пацыентаў з падазрэннем на каранавірус. Ні ў кога з іх гэты дыягназ не пацверджаны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.