Вы тут

Генпракурор: "Ніводнай скаргі з цыганскага асяроддзя няма"

Аляксандр Канюк / prokuratura.gov.by

Камісія Генпракуратуры яшчэ працягвае праверку скаргаў па затрыманні цыганоў у Магілёве. Пра гэта журналістам паведаміў генеральны пракурор Аляксандр Канюк, піша TUT.by.

Канюк паведаміў, што праверкай займаецца працоўная група: "Што самае цікавае, няма ніводнай скаргі з цыганскага асяроддзя. Я быў тыдзень таму ў Магілёве. Удакладняў, як працуе група".

Генпракурор удакладніў, што сустракаўся не з цыганамі, а з працоўнай групай, якая складаецца з пракурораў. Чакаецца, што праверка працягнецца месяц, пасля чаго будуць агучаныя яе вынікі.

Пра масавыя затрыманні цыганоў у Магілёве стала вядома пасля гібелі лейтэнанта ДАІ Яўгена Патаповіча 16 траўня. Паводле першапачатковай версіі, міліцыянта нібыта маглі выкрасці трое чалавек цыганскай нацыянальнасці. Пазней затрыманыя цыганы паведамілі журналістам, што затрыманні адбываліся вельмі жорстка. 

20 траўня Следчы камітэт заявіў, што асноўная версія гібелі супрацоўніка ДАІ ў Магілёве — самагубства.

Цыганы Магілёва пасля жорсткай аблавы напісалі зварот памочніку прэзідэнта Міхаілу Русаму з просьбай абараніць іх. Пасля гэтага ў горад прыязджала кіраўніца Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава і ад імя кіраўніка дзяржавы прыносіла прабачэнні.