Вы тут

Генпракуратура пачала крымінальную справу на Ціханоўскую і экс-сілавікоў

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

Крымінальную справу за падрыхтоўку акта тэрарызму пачала Генпракуратура. Па ёй праходзяць Святлана Ціханоўская і ўдзельнікі ініцыятывы былых сілавікоў, заявіў генеральны пракурор Андрэй Швед.

"Генеральнай пракуратурай на падставе матэрыялаў, прадстаўленых Камітэтам дзяржаўнай бяспекі і МУС, у дачыненні да Ціханоўскай і ўдзельнікаў так званай ініцыятывы BYPOL пачатая крымінальная справа за падрыхтоўку акту тэрарызму арганізаванай групай паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса. Названыя асобы некалькі дзён таму спрабавалі зрабіць выбухі і падпалы на тэрыторыі сталіцы і іншых гарадоў. Затрыманы з доказамі злачынства грамадзянін Маляйчук ужо даў паказанні пра арганізатараў і ўдзельнікаў тэракту", — перадае БЕЛТА словы генпракурора.

24 сакавіка прадстаўнікі BYPOL заявілі, што па іх звестках супрацоўнікі КДБ рыхтуюць правакацыю — выбух у адным з міліцэйскіх будынках. 26 сакавіка прэс-служба МУС перадала, што іх супрацоўнікі затрымалі мужчыну, які заклаў выбуховыя прыстасаванні ў Мінску і ў вайсковай часці ў Печах пад Барысавам. Паведамлялася, быццам яго дзеяннямі кіравалі ананімныя ініцыятары з аб'яднання былых сілавікоў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.