Вы тут

"Газпрам" адмовіўся зніжаць цану на газ для Беларусі

"Газпрам" адмовіўся зніжаць для Беларусі цану на газ /pixabay.com

Кампанія "Газпрам" гатовая весці перамовы з Беларуссю пра пастаўкі газу на 2021 год, калі афіцыйны Мінск выканае кантракт на 2020 год. Прычым па цэнах, якія былі канчаткова ўзгодненыя 14 лютага. 

Старшыня расійскай кампаніі Аляксей Мілер накіраваў адказ на ліст міністра энергетыкі Беларусі, атрыманы на мінулым тыдні. "У лісце адзначана, што цэнавыя ўмовы пастаўкі газу да канца бягучага года былі канчаткова ўзгодненыя 14 лютага 2020 года", — цытуе Прайм-ТАСС заяву "Газпрама".

Калі Беларусь заплаціць па коштах кантракта за пастаўкі ў 2020 годзе, "Газпрам" гатовы пачаць перамовы пра пастаўкі газу з 1 студзеня 2021-га.

Расія пастаўляе Беларусі газ па 127 долараў за 1000 кубаметраў, згодна з кантрактам. Між тым на сусветных рынках кошт газу істотна панізіўся следам за падзеннем коштай на нафту. Аднак расійская кампанія адмовілася зніжаць кошты на пастаўкі, спасылаючыся на падпісаны кантракт. 

Раней "Газпрам" ужо заяўляў, што з беларускага боку ўзнікла запазычанасць па пастаўках. У адказ Мінэнерга Беларусі паведаміла, што гэта спрэчка гаспадарчых суб'ектаў, і папрасіла расіян даказаць, што каларыйнасць іх газу адпавядае беларускім патрабаванням.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.