Вы тут

Галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына адмовілася даваць паказанні

Ірына Леўшына / reform.by​

Галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына адмовілася даваць паказанні, паведамляе рэсурс Naviny.by са спасылкай на дачку журналісткі Ганну.

"Са слоў адваката, яна адчувае сябе добра. Ніякіх следчых дзеянняў не праходзіць, таму што мама не дае паказанняў", — расказала Ганна.  

Ляўшыну затрымалі тры тыдні таму, 18 жніўня. За гэты час яе дачка атрымала толькі адзін ліст, напісаны ў першы дзень зняволення. У тым лісце яна казала дачцэ, што ў яе добрыя суседзі, што "гэта на сёння галоўнае".

"Вучуся мець зносіны з рознымі катэгорыямі людзей. Яшчэ раніцамі тут гарлапаняць чайкі, якія прылятаюць са Свіслачы і напэўна пралятаюць міма майго дома таксама. Гэта грэе душу", — працытавала Ганна ліст маці.

Першапачаткова Ірыну Леўшыну і былога дырэктара медыя Дзмітрыя Наважылава затрымалі па падазрэнні ў арганізацыі або падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Аднак затым ім былі выстаўленыя абвінавачванні па артыкуле аб ухіленні ад выплаты падаткаў.

Праваабаронцы прызналі Леўшыну і Наважылава палітвязнямі. Яны таксама расцанілі іх затрыманне і ператрусы ў іншых супрацоўнікаў БелаПАН "працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюджвання непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.