Вы тут

Галоўнае — каб не прагіналіся: спецыяліст расказаў пра стан мінскіх мастоў

Нават самыя трывожныя чытачы Еўрарадыё могуць спакойна ездзіць па ўсіх мінскіх мастах, лічыць спецыяліст / pixabay

Фота мінскіх мастоў у лютым наўрад ці ўвойдуць у топ найпрыгажэйшых відаў сталіцы. Але адкладзіце паніку: нягледзячы на змрочны выгляд, падаць яны пакуль не плануюць. У гэтым карэспандэнта Еўрарадыё на ўмовах ананімнасці запэўніў спецыяліст будаўнічай галіны Сяргей (імя суразмоўніка змененае).
 

"Можна ездзіць усюды"

Пасля абрынання пуцеправода на Нямізе кожны мост больш-менш трывожнаму пешаходу і кіроўцу здаецца падазроным. Але нават калі мост выглядае вельмі непрывабна і пакрыты расколінамі, гэта не значыць, што ён вось-вось абрынецца, кажа Сяргей.

Прыглядацца да расколін таксама бескарысна — толькі неўроз заробіце.

Мост на скрыжаванні праспекта Жукава і вул. Карла Лібкнехта — завяршаецца распрацоўка дакументацыі для яго абнаўлення / Еўрарадыё

— Не варта баяцца. Шчыра скажу: калі вы не бачыце відавочных прагібаў і адхілення апораў у збудаванні, вы не вызначыце, у дрэнным стане мост або ў добрым. Нават па выніках абследавання гэта не заўсёды можна дакладна вызначыць. Наколькі я ведаю, мост на Нямізе быў "у здавальняючым" тэхнічным стане.

І ўжо пасля абрынання высветлілася: частка канструкцыі, якая абламалася, была дрэннай якасці знутры. Пры тым што звонку бетон выдаваў трываласць, якая адпавядае нарматыўным актам.

І нават калі вам ну зусім не падабаецца, як выглядае мост, інструментальныя разлікі пакажуць, што ніякіх глабальных рашэнняў для яго рамонту не трэба.

— Ці ёсць у Мінску масты, па якіх вы раілі б не ездзіць сябрам?

— Такіх мастоў няма. Я раіў бы ездзіць па ўсіх збудаваннях. Абрынанне, падобнае да таго, што здарылася на Нямізе, — вельмі рэдкі выпадак.

Мост на Нямізе за некалькі дзён да адкрыцця / Еўрарадыё

Маставая гаспадарка ў нас дастаткова фінансуецца. У яе ўкладваецца больш сродкаў, чым у тыя ж звычайныя аўтамабільныя дарогі. Чаму? Гэта вынік абрынання моста над Прыпяццю пад Жыткавічамі. Тое абрынанне паказала, што да мастоў трэба ставіцца з належнай увагай. Амаль усе масты падобнай канструкцыі ў Беларусі ўжо замянілі — засталося некалькі штук.
 

Нецудоўная сямёрка

Неўзабаве пасля абвальвання моста на Нямізе "Гардарбуд" заявіў, што плануе рэканструяваць або капітальна адрамантаваць сем мінскіх мастоў.

Мабыць, самы вядомы з іх знаходзіцца ў раёне станцыі "Мінск-Сартавальны".

Мост у раёне станцыі "Мінск-Сартавальны" / Еўрарадыё

— Гэты мост добра спраектаваны — у нас наогул вельмі рэдка сустракаюцца памылкі праектавання або будаўніцтва. Праблема ўсіх нашых збудаванняў — у эксплуатацыі.

Так, мост ужо патрабуе рамонту. Па ім гэта відаць: дэфармацыйныя швы не ў парадку, там пастаянна выконваюць ямачны рамонт.

 

Мост у раёне станцыі "Мінск-Сартавальны" / Еўрарадыё

Пры рамонце тут будзе ўжытая тая самая схема, якая цяпер ужываецца на Нямізе, — на мой погляд, самая жывучая з наяўных. Гэта значыць, пралётныя збудаванні аб'яднаюць у адзінае цэлае з апорай. Такая схема паляпшае работу пралётнага збудавання.

Ці заўважаць кіроўцы, што мост закрыты на рэканструкцыю? Як хутка можна выканаць гэтую працу? Сяргей кажа, што калі будаваць ва ўмоўным "полі", то нават такі велізарны мост, як на "Мінск-Сартавальны", можна пабудаваць за паўгода.

Але гаворка не пра "поле", а пра транспартны вузел, які ў тым ліку закранае чыгуначныя перавозкі. Спыніць рух чыгуначнага транспарту нельга, давядзецца працаваць "у вокны". Гэта значыць, тры гадзіны папрацавалі — чакаем, калі праедуць цягнікі.

— Да таго ж камунікацыі, а іх у горада шмат — газ, водаправод. Часам пры рамонце мастоў узнікае неабходнасць перакласці камунікацыі. А гэта і сур'ёзныя грошы, і час. Зрэшты, абяцаюць гэты мост адрэстаўраваць хутка.

 

Што рабіць, калі я бачу, што з мостам нешта не так?

За станам мастоў сочаць спецыяльныя арганізацыі. Як мінімум раз на месяц аглядаецца кожнае збудаванне. Спецыяліст вывучае, ці з'явіліся змены ў канструкцыі, расколіны. Зыходзячы з гэтага вырашаюць, што рабіць — ці трэба біць у званы.

Так выглядае мост паміж вуліцамі Радыяльная і Запарожская — яго чакае капрамонт / Еўрарадыё

А акрамя гэтага рэгулярнага агляду ёсць і рэгламентнае абследаванне. Яго заказвае арганізацыя, якая трымае мост на балансе. Старыя збудаванні абследуюць прыкладна раз на пяць гадоў. У залежнасці ад вынікаў абследавання прызначаюцца работы, якія трэба выканаць. Напрыклад, кожныя 15 гадоў адбываецца замена гідраізаляцыі, маставога палатна.

Дзве галоўныя праблемы, з якімі можа сутыкнуцца мост, — вада і перапады тэмператур.

— Вада — адзін з самых страшных ворагаў маставога збудавання, яна парушае гідраізаляцыю, і воды з маставога палатна трапляюць у канструкцыі моста.

Адзін з трох мастоў на праспекце Жукава, які ў найбліжэйшы час чакае рамонт / Еўрарадыё

Яшчэ адзін вораг мастоў — знакамітыя "пераходы праз нуль". У канцы і ў пачатку зімы, калі тэмпература часта мяняецца, дарогі прыходзяць у непрыдатнасць. Але пры праектаванні мастоў параметры матэрыялаў улічваюцца, і з кожным годам патрабаванні да марозаўстойлівасці і воданепранікальнасці бетонаў падвышаюцца.
 

Як фуры ўскладняюць жыццё мосту

Добры мост можа праслужыць сто гадоў. І кожныя 25 гадоў ён мае патрэбу ў капітальным рамонце. Капітальны рамонт — гэта і аднаўленне паверхняў, і выдаленне соляў з канструкцый, і замена маставога палатна, і аднаўленне парэнчаў. Але калі абследаванне моста пакажа, што канструкцыя ў парадку, то капітальны рамонт можна адкласці. Часам дастаткова правесці бягучы рамонт.

А вось некаторыя збудаванні трэба не проста рамантаваць, а рэканструяваць. І не толькі таму, што яны "знасіліся", але і таму, што па іх стала ездзіць больш цяжкіх машын. І з улікам гэтых рэалій у пачатку 2000-х былі перагледжаны патрабаванні да мастоў.

Транспартную развязку на вуліцы Маскоўская таксама чакае рамонт — ужо завяршаюць распрацоўку дакументацыі / Еўрарадыё

— Тады для маставых канструкцый былі павялічаны разліковыя нагрузкі. Гэта звязана з тым, што тэхніка ўдасканальваецца, становіцца больш грузападымальнай — і важыць больш. А ўся эканоміка ў нас у асноўным завязаная на аўтамабільныя грузаперавозкі, таму многія збудаванні трэба рэканструяваць — узмацняць апоры, мяняць пралётныя збудаванні, — кажа Сяргей.

Сяргей яшчэ раз паўтарае: нягледзячы на здарэнне на Нямізе, баяцца мастоў не варта. Калі візуальна вы не бачыце, што мост прагінаецца, — усё ў парадку.

— Пры праектаванні ўсе каэфіцыенты закладваюцца так, каб папросту праблему можна было ўбачыць перад тым, як мост упадзе.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.