Галоўчанка падпісаў у Маскве "выгадныя пагадненні па АЭС і пастаўках нафты"

Галоўчанка падпісаў у Маскве "выгадныя пагадненні па АЭС і пастаўках нафты"

У аўторак прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі падпісалі ў Маскве шэраг дакументаў, якія рэгулююць фінансаванне будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы і пастаўкі нафты ў Беларусь. Пра гэта журналістам распавёў кіраўнік беларускага ўрада Раман Галоўчанка. Відэа з яго выступам размясціла ў Фэйсбуку яго прэс-сакратар Аляксандра Ісаева.

Галоўчанка паведаміў, што ён з кріаўніком расійскага ўрада Міхаілам Мішусціным падпісаў тры дакументы. "Гэта два пратаколы да міжурадавага пагаднення па будаўніцтве Беларускай АЭС. Асобнае пагадненне, якое рэгулюе ўмова паставак энерганосьбітаў, у прыватнасці нафты, у Рэспубліку Беларусь", — патлумачыў ён.

Падпісаныя пагадненні, па словах беларускага прэм'ера, "адпавядаюць інтарэсам Беларусі і з'яўляюцца вельмі выгаднымі для краіны". Ён падкрэсліў, што эканомія ад будаўніцтва АЭС у Астраўцы склала сотні мільёнаў долараў.

Раней Расія ўзгадніла Беларусі рэструктурызацыю экспартнага дзяржаўнага крэдыту для будаўніцтва АЭС. Перыяд выкарыстання крэдыту нашай краіне працягнулі да канца 2022 года, замест "змяшануй" адсоткавай стаўкі па крэдыце ўвялі фіксаваную — 3,3% гадавых. Дата пачатку пагашэння асноўнага доўгу па крэдыце перанесеная на два гады — з 1 красавіка 2021 года на 1 красавіка 2023 года. 

Запусціць БелАЭС плануецца летам 2020 года. 

Гаворачы пра пагадненне пра пастаўкі нафты, Галоўчанка адмовіўся раскрываць падрабязнасці. Ён спаслаўся на камерцыйную таямніцу. Чыноўнік паведаміў толькі, што гэта "тэхнічнае пагадненне, якое рэгулюе ўмовы аплаты паставак энергарэсурсаў у Беларусь".

Таксама ён распавёў, што абмяркоўваў з расійскім калегам умовы паставак энерганосьбітаў на бліжэйшыя гады. "Пытанні паставак на 2020 год мы ўрэгулявалі, цяпер абмяркоўваем будучыя пастаўкі", — дадаў Галоўчанка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі