Футбольная зборная Беларусі згуляла ўнічыю з Францыяй!

Футбольная зборная Беларусі згуляла ўнічыю з Францыяй!

Футбольная зборная Беларусі згуляла ўнічыю з Францыяй — 0:0. Адборачны матч чэмпіянату свету 2018 года прайшоў у аўторак на перапоўненай "Барысаў-Арэне". Беларуская федэрацыя футбола арганізавала флэшмоб — кожны заўзятар атрымаў майку зборнай з нацыянальным арнаментам і брэндам нашай каманды — "Белыя крылы".

Зборная Беларусі гуляла ў наступным складзе: Гарбуноў, Палякоў, Паліцевіч, Сівакоў, Бардачоў, Корзун, Калачоў (капітан), Маеўскі, Стасевіч (Крывец, 69), Гардзяйчук (М. Валадзько, 85), Сігневіч (Карніленка, 81). Склад французскай зборнай быў наступны: Манданда, Кюрзава, Варан (капітан), Марсьяль (Пает, 57), Кантэ, Сісако (Дэмбеле, 69), Сідыбэ, Касьельні, Грызман, Пагба, Жыру (Гамейро, 83).

У першым тайме віцэ-чэмпіёны Еўропы нічым не здзівілі, а абарона беларускай зборнай гуляла надзейна, брамнік Андрэй Гарбуноў памыліўся на выхадзе толькі аднойчы. Мала было ўдараў, у створ траплялі толькі госці. Але запомніўся небяспечны прастрэл Цімафея Калачова. Толькі ў канцы першага тайма французы прыціснулі беларусаў да брамы, але забіць жаданага гола не змаглі.

У пачатку другога тайма зборная Беларусі актыўна пайшла наперад, але да ўдараў справа не даходзіла. Французы вельмі хутка перахапілі ініцыятыву. На 53-й Антуан Грызман зрабіў пас пяткай Аліўе Жыру, які нейкім цудам не патрапіў у нашу браму. Неўзабаве небяспечна біў са штрафнога Грызман, але Гарбуноў згуляў надзейна. Пасля ў перакладзіну патрапіў Жыру.

Далей гэты кашмар працягнуўся — зборная Францыі бясконца атакавала, але забіць не змагла. Працягваў фантастычна гуляць Гарбуноў, выручалі абаронцы, на баку беларусаў у гэты вечар была і ўдача (па ўдарах наша каманда прайграла з лікам 3:23, у створ — 0:10).

Вынікі іншых матчаў нашай групы А: Балгарыя — Люксембург — 4:3, Швецыя — Галандыя — 1:1. Пасля першага тура лідыруе Балгарыя — 3 ачкі, Швецыя, Галандыя, Францыя і Беларусь — па 1, Люксембург — 0.

7 кастрычніка зборная Беларусі ў гасцях згуляе з Галандыяй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі