Футбалісты Павел Мамаеў і Аляксандр Какорын — у следчым ізалятары

Расійскія футбалісты Аляксандр Какорын і Павел Мамаеў — у следчым ізалятары. Мамаева затрымалі на 48 гадзін, пра тэрмін затрымання Какорына інфармацыі пакуль няма, паведамляе ria.ru. Гульцоў "Зеніта" і "Краснадара" падазраюць у хуліганстве, распачатая крымінальная справа. Іх маглі аб'явіць у вышук, калі б яны не з'явіліся ў паліцыі. Спачатку прыйшоў Мамаеў, пазней, са спазненнем — Какорын. Іх дапыталі.

Як паведамляла Еўрарадыё, 8 кастрычніка Какорын і Мамаеў збілі кіроўцу легкавіка, прыпаркаванага каля маскоўскай гасцініцы "Пекін", беларуса Віталя Салаўчука (ён працуе кіроўцам тэлевядучай Першага канала Вольгі Ушаковай). Праз гадзіну футбалісты напалі ў кавярні на федэральных чыноўнікаў Дзяніса Пака і Сяргей Гайсіна. Гэтыя здарэнні трапілі на відэа.

Какорын і Мамаеў у мінулым былі гульцамі зборнай Расіі. Іх клубы ўжо разглядаюць варыянты датэрміновага скасавання кантрактаў.