Футбалісты БАТЭ з цяжкасцю адолелі жодзінскае "Тарпеда-БелАЗ"

Футбалісты БАТЭ з цяжкасцю адолелі жодзінскае "Тарпеда-БелАЗ"

6 ліпеня барысаўскі БАТЭ перамог “Тарпеда-БелАЗ” з Жодзіна ў стартавым матчы 15-га тура чэмпіяната Беларусі. Гульня скончылася з лікам 2:1 на карысць барысаўчан. Матч праходзіў на "Барысаў-Арэне".

Футбалісты БАТЭ прапусцілі першымі — ужо на 16-й хвіліне адзначыўся тарпедавец Уладзіслаў Клімовіч. На перапынак гаспадары поля сыходзілі ў статусе даганяючых. Але на 57-й хвіліне гульні лік зраўняў Максім Скавыш, які выйшаў на замену. А выйсці наперад лідары нацыянальнага першынства змаглі толькі на 5-й кампенсаванай хвіліне — забіў абаронца Захар Волкаў.

Тры сустрэчы 15-га тура пройдуць у працоўную суботу, 7 ліпеня: "Дынама" (Мінск) — "Тарпеда" (Мінск), "Мінск" — "Шахцёр" (Салігорск), "Дынама" (Брэст) — "Нёман" (Гродна). Яшчэ тры паядынкі адбудуцца ў нядзелю, 8 ліпеня: гэта "Віцебск" — "Гомель", "Смалявічы" — "Луч" (Мінск) і “цукровае” дэрбі "Слуцк" — "Гарадзея". Першы круг чэмпіяната Беларусі завяршыцца 9 ліпеня матчам у Магілёве паміж мясцовым "Дняпром" і "Іслаччу" (Мінскі раён).

БАТЭ з 38 ачкамі пасля 15 матчаў захоўвае лідарства ў чэмпіянаце Беларусі. У "Дынама" (Мінск) — 31 ачко (14 матчаў), у "Віцебска" і “Шахцёра” — па 28 (таксама пасля 14 матчаў).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі