Франак Вячорка пра перамовы з рэжымам Лукашэнкі і "дурныя пралазы"

Санкцыі ЕС / informator.press
Санкцыі ЕС / informator.press

Усе палітычныя крызісы вырашаюцца праз перамовы. Адзіны варыянт, пры якім гэта магчыма зрабіць без перамоў, — палітычны або вайсковы пераварот групай людзей, кажа Франак Вячорка, каментуючы гатоўнасць Офіса Святланы Ціханоўскай да перамоў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

— Але гэта не тое, чаго мы з вамі хочам, праўда? Усё роўна спатрэбяцца перамовы, усё роўна спатрэбіцца дыялогавая пляцоўка. На ёй будуць прадстаўнікі дэмакратычных сіл і тыя, хто цяпер знаходзіцца на баку рэжыму. Няма альтэрнатывы перамовам, гэта адзіны інструмент, які дапаможа выйсці з крызісу.

Вячорка рэкамендуе звярнуць увагу на сітуацыю ў Венесуэле. Яшчэ год таму ні адзін з бакоў канфлікту не мог уявіць, што сядзе за адзін стол з апанентамі.

— Саступаць мы не будзем па двух пунктах: усе палітвязні павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя, а перамовы павінны весціся пра новыя выбары. Не рэферэндум, не мясцовыя выбары — новыя прэзідэнцкія выбары.

Дарадца Святланы Ціханоўскай прызнаў, што санкцыі не дапамагаюць будаваць новую Беларусь, а ў пэўным сэнсе зацягваюць працэс перамен.

— Пры ўмове, што санкцыі недастаткова моцныя. На працягу апошніх месяцаў мы тлумачылі еўрапейцам: калі вы хочаце, каб санкцыі працавалі, а перамены наступалі, санкцыі павінны быць усёабдымнымі, без гэтых дурных пралазаў, якія вы пакінулі ў некаторых сектарах эканомікі. Калі ўжо вы ўводзіце санкцыі, зрабіце так, каб яны працавалі. Таму што і людзі расчароўваюцца, і санкцыі не прыносяць выніку. Амаль усе кашалькі рэжыму, якія былі ў чацвёртым пакеце, ужо перапісалі свае актывы. Так быць не павінна.

Ці будзе Офіс Святланы Ціханоўскай патрабаваць прызнання рэжыму тэрарыстычным? Вячорка нагадаў, што Офіс быў першым, хто пачаў гэтую кампанію ў верасні мінулага года.

— У нас было некалькі кансультацый з міжнароднымі структурамі на гэтую тэму. Мы разглядалі розныя варыянты і легальныя працэдуры, як гэта можна зрабіць.

У многіх краінах ЕС у прынцыпе няма такой працэдуры, як прызнанне нейкай структуры, рэжыму тэрарыстычным. Але што яны могуць зрабіць? Яны могуць вербальна назваць яго тэрарыстычным. Але гэта не будзе мець юрыдычнай сілы і ператварацца ў санкцыі, — тлумачыць Вячорка.

Ёсць і другі варыянт — прызнанне рэжыму тэрарыстычным праз спецыяльную працэдуру ў пракуратуры і судах. Але гэта доўгі працэс.

— Працэдура выглядае так: напрыклад, нямецкія следчыя падалі на Лукашэнку скаргу за злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі. Гэты кейс разглядае пракурор. Калі выносіцца адпаведнае рашэнне, то на аснове гэтага могуць здзяйсняцца пэўныя дзеянні па прызнанні яго тэрарыстычным. Праблема ўсіх гэтых працэдур у тым, што яны вельмі доўгія. Следчыя дзеянні могуць займаць гады. Гэтую працэдуру трэба запускаць, але праблем яна не вырашае.

Поўную версію інтэрв'ю глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі