Фотафакт: Шыльда памяці ўраджэнцаў Беларусі-вайскоўцаў польскага войска

Адбылося гэта ў Еўрапейскі дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму. Ініцыятарамі выступілі гісторык Ігар Кузняцоў і іншыя сябры беларускай філіі Міжнароднага гісторыка-асветнага таварыства "Мемарыял".





На шыльдзе надпіс: "Памяці ўраджэнцаў Беларусі-вайскоўцаў польскай арміі, забітых НКУС. 1939-1941 гг.". Як вядома, сярод дзясяткаў тысяч польскіх афіцэраў, расстраляных сталінскімі катамі, былі і беларусы. Паводле некаторых звестках, каля 3600. Іх забілі і на тэрыторыі Беларусі, і за яе межамі.





Як паведамляе "Наша ніва", Ігар Кузняцоў прагназуе, што шыльда правісіць толькі... да раніцы,  у лепшым выпадку — некалькі дзён. Нагадаем, папярэдні знак памяці рэпрэсаваным афіцэрам польскага войска ў кастрычніку 2012-га не прастаяў у Курапатах і сутак, яго скралі.

Фота — nn.by