У Курапатах скралі знак памяці афіцэраў польскага войска

З прапановы Кузняцова ў Курапатах меліся паставіць помнік афіцэрам польскага войска, расстраляным у Беларусі ў 1940-1941 гадах. Нагадаем, што ў іх ліку было нямала ўраджэнцаў Беларусі. Над помнікам працуе вядомы скульптар Алесь Шатэрнік. Да 75-годдзя так званага "Вялікага Тэрору", які адзначаецца 30 кастрычніка, скульптар зрабіць помнік не паспеў. Таму ў панядзелак там быў пастаўлены часовы знак. Для яго Кузняцоў замовіў шыльду за свае грошы.

Панядзелкавая акцыя ў Курапатах скончылася а палове 11-й вечара. На той час памятны знак быў на месцы.

Ігар Кузняцоў: "Сёння ў 11.30 я суправаджаў амбасадараў Еўрасаюзу, ЗША і Ізраіля ў Курапаты і Трасцянец. Яны традыцыйна раз у год ускладаюць там кветкі. І калі мы ў 11.30 былі ўнізе каля Крыжа пакутаў, я сказаў: "Зараз мы пойдзем да адкрытага ўчора мемарыяльнага знаку". Мы падымаемся па алеі злева, дзе стаяць польскія крыжы — і што вы думаеце?! Ні шыльдачкі, ні кветак, ні свечак... Проста камень-аснова — і нічога больш".

Тое, што адбылося, Кузняцоў называе не проста вандалізмам, а сапраўдным злачынствам. Ён не выключае, што можа звярнуцца ў суд, бо мае ўсе дакументы на шыльду як на ўласную маёмасць. Разам з тым ён кажа, што выкраданне помніка амаль на вачах у амбасадараў — поўха не толькі грамадскасці, але і ўладзе, якая гэта дапусціла. Знікненне шыльды ён разглядае ў адным шэрагу з будаўніцтвам сумна славутага "Бульбашъ-холла" каля Курапатаў.


Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі