Вы тут

Фантомныя болі СССР: што ведаюць пра Саюз тыя, хто нарадзіўся пасля яго распаду

Калаж Еўрарадыё

Трыццаць гадоў таму Савецкі Саюз скончыўся, перастаў існаваць як дзяржава. Цэлае пакаленне маладых людзей вырасла без лозунгаў "Слава КПСС!", "Рашэнні з'езда ў жыццё!", "Ленін жыў, Ленін жывы, Ленін будзе жыць!". І ўсё ж СССР існуе як частка нашага мінулага, частка міфалогіі, як гісторыя нашых бацькоў. Калі маладыя людзі ўзіраюцца ў мінулае, то ўсё роўна расказваюць пра сябе, свае праблемы і трывогі, сваё ўяўленне пра "залаты век", якім для некаторых быў СССР. Журналісты з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі і Малдовы пагаварылі з 30-гадовымі — аднагодкамі распаду СССР, і высветлілі, што турбуюць іх адны і тыя ж рэчы, якія, як яны лічаць, "у СССР былі лепшыя".

Праца

Малдаўскае сяло Чырвонаармейскае калісьці было часткай калгаса. Цяпер там многае прыйшло ў запусценне: закрыўся Дом культуры, грамадская лазня, фермы, зараслі калгасныя палі. Людзі засталіся без працы і для таго, каб яе знайсці, вымушаныя ехаць на заробкі, у тым ліку за мяжу. "Усе працавалі, ніхто не піў, — кажа настаўніца сельскай школы Ганна. — Калгас карміў людзей. Цяпер у бацькоў няма працы, і яны выязджаюць за мяжу, а дзеці застаюцца дома з бабулямі і дзядулямі".

З ёй згодная іншая жыхарка вёскі, дваццаціпяцігадовая Юлія: "Мне б хацелася жыць у тыя часы, таму што тады ўсё было таннейшае, чым цяпер. Цяпер шмат магчымасцяў, але мала грошай. Нават працы няма. Як жыць? І ўсюды карупцыя".

Аднак саму магчымасць выехаць за мяжу — дый проста ў іншы горад — у пошуках працы сучасныя маладыя цэняць высока. 30-гадовы Айхан Мехдзізадэ з Азербайджана нагадвае пра "жалезную заслону": "Было вельмі складана пераязджаць унутры краіны з аднаго месца ў іншае. Гэта значыць, ты настолькі быў прывязаны да працоўнага месца, што не мог пераехаць. Пра паездкі за мяжу і гаворкі не магло ісці".

Стабільнасць

На пытанне "У які час вы хацелі б жыць у СССР?" большасць герояў праекта адказалі — у часы "застою". Для многіх само слова "застой" асацыюецца са спакойным часам, калі ўсе былі сытыя, апранутыя, а заўтрашні дзень быў прадказальны. "У савецкім Азербайджане чалавеку было камфортней жыць, яго працоўныя правы забяспечваліся і будучыня таксама ў нейкім сэнсе была забяспечана", — лічыць трыццацігадовы грамадзянін Азербайджана Тагрул Вяліеў. "Самым лепшым перыядам я лічу перыяд брэжнеўскай стабільнасці, які цяпер называюць "застоем". Гэта самы спакойны час", — кажа беларус Аляксей, які пазіцыянуе сябе "апошнім грамадзянінам СССР".

Зрэшты, і для саміх беларусаў стабільнасць мае адваротны бок. Савецкі Саюз тут не скончыўся — нездарма рэспубліку называюць "Запаведнікам СССР". Аляксандр Лукашэнка, які прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе, культывуе "савецкасць". Тут дагэтуль ёсць калгасы, фармальна бясплатная медыцына і іншыя атрыбуты мінулага. Падтрымліваючы савецкі ўклад, "улада выхоўвае тым самым у беларусах адчуванне абавязку перад дзяржавай за тое, што такія магчымасці дадзеныя", — лічыць беларуска Алена Жываглод.

Сацыяльная справядлівасць

Сацыяльны крызіс дзевяностых, рэзкае збядненне насельніцтва да гэтага часу ўспрымаюцца як адны з самых траўматычных з'яў, якімі суправаджаўся распад Савецкага Саюза. "Думаю, што мэтай СССР было тое, каб не было бяздомных, каб ва ўсіх была праца, у выніку чаго павінна было сфармавацца здаровае грамадства", — кажа грамадзянка Арменіі Люсінэ Багдасаран.

"Сацыяльна неабароненых людзей падтрымлівалі, ім дапамагалі. Сацыяльная палітыка была больш звернутая да чалавека. Так, праблем хапала, але больш думалі пра людзей", — разважае пра сацыяльную палітыку СССР Тагрул Вяліеў.

Адукацыя

Яшчэ адна праблема, якую адзначылі амаль усе людзі, з якімі размаўлялі журналісты, — даступнасць якаснай адукацыі. Сапраўды, пасля распаду Савецкага Саюза, які адбыўся на фоне эканамічнага крызісу, дзяржаўныя расходы на адукацыю ва ўсіх краінах — былых рэспубліках СССР — рэзка скараціліся, і да гэтага часу праблема рэформы адукацыі застаецца адной з самых актуальных ва ўсіх пяці краінах. "Калі да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў нас каля 80% насельніцтва было непісьменным, то да развалу СССР мы былі адной з нацый, якія набольш чытаюць", — кажа "апошні грамадзянін СССР" Аляксей. Ён ганарыцца тым, што Беларусь, на яго думку, змагла захаваць савецкую сістэму адукацыі. Дваццацідвухгадовы грамадзянін Азербайджана Байрам Байрамаў таксама лічыць, што пры СССР адукацыя была значна лепшай, чым цяпер.

Рэпрэсіі

Стаўленне маладых людзей да СССР, як выглядае, — адлюстраванне тых праблем, якія яны бачаць у сённяшнім дні. У гэтым выпадку не так важна, да якой ступені іх уяўленні пра гэтую краіну, якая назаўжды адышла трыццаць гадоў таму, супадаюць з гістарычнымі рэаліямі. Але адзінае, што ўсе ўдзельнікі праекта хацелі б пакінуць у мінулым, — досвед масавых рэпрэсій. Вось гэта, на іх думку, не павінна паўтарыцца ніколі.

Над праектам працавалі: Марына Гарбатоўскі, Ігар Іанэску, Дан Кажакару, Андрэй Мунцян, Вольга Булат, Ігар Назаранка, Улад Рубанаў, Марыя Калеснікава, Дзімітры Аваліяні, Наіра Марцікян, Сафо Букія, Русудан Паназішвілі, Давід Піпія, Гіга Джыбава, Тыгрануі Марцірасян, Грант Марынасян, Парвана Гурбанава, Сеўда Самедава, Тахміна Тагіева, Жэня Снежкіна.

Матэрыял зроблены пры падтрымцы "Медиасети".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.