Фанат БАТЭ: Чаму Капскі вызначае, хто фанат, а хто не?

Днямі кіраўнік БАТЭ Анатоль Капскі даў інтэрв’ю спартыўнаму сайту tribuna.com. У гутарцы з журналістам ён чарговы раз згадаў пра акцыю заўзятараў клуба, якія публічна падтрымалі Майдан. Маўляў, гэта невядома хто са схаванымі тварамі. І нават заявіў, што пазнаў аднаго з хлопцаў – Аляксандра Марозава па мянушцы “Фіціль”.

“Гэта людзі, з якімі ў свой час у клуба былі канфлікты з нагоды розных дыскрымінацыйных і расавых момантаў. Гэта людзі, якія ў свой час былі асуджаныя па пазове ФК БАТЭ. За румынскія фаеры і мноства іншых правакацый. Праўда, у выніку мы ім даравалі. Але гэтыя людзі дэманстратыўна перасталі пазіцыянаваць сябе на стадыёне як фанаты. Іх больш няма на сектары, яны не займаюцца актыўнай падтрымкай каманды”, — гаворыць Капскі.

Еўрарадыё паразмаўляла з Аляксандрам Марозавым. Сваю датычнасць да акцыі ў падтрымку Майдана ён адмаўляе. Але расказвае пра гісторыю канфлікту з кіраўніцтвам клуба і тлумачыць, чаму па-ранейшаму заўзее за БАТЭ.

Еўрарадыё: Раскажыце, чым скончыліся гісторыя з затрыманнем людзей з фотаздымку? Колькі з іх былі на сутках і ці працягваюцца пошукі іншых.

Аляксандр: Гісторыя яшчэ не скончылася, я так думаю. Двое атрымалі па 5 сутак, астатніх пакуль, здаецца, не чапаюць. Магчыма, баяцца, што зноў шум будзе. Вось і шкодзяць па дробнаму, як у Брэсце.

Еўрарадыё: Двое асуджаных на суткі насамрэч збіраюцца падаваць скаргі ў міжнародныя структуры?

Аляксандр: Мы ў праваабарончы цэнтр "Вясна" звярталіся. Павязу днямі дакументы, таму што абскарджанне пакінулі без змены.

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся ды заяваў кіраўніцтва БАТЭ, Анатоля Капскага, які фактычна сказаў, што вы не з'яўляецеся фанатамі клуба?

Аляксандр: З Капскім проста былі праблемы раней.

Еўрарадыё: У чым яны праяўляліся? Звычайна ён абараняе фанатаў.

Аляксандр: Ну ён жа напісаў. У 2007 у Румыніі мы крыху дыму пусцілі. Клуб на нас у суд падаў. Суды ў нас самі ведаеце якія... Але пазоў яны ў выніку адклікалі. Пагаварылі проста па душах, нібы нармальна ўсё было. А потым інцыдэнт з банерамі гэтымі "14-88". Я іх не маляваў. Але менавіта я і яшчэ пара чалавек, хто тады меў сувязь з клубам, мы за ўсё гэта і аддуваліся.

Еўрарадыё: Як фанаты ўспрынялі такія паводзіны клуба?

Аляксандр: Нам на чатырох прысудзілі каля 6 тысяч долараў штрафу. І потым літаральна за пару дзён усе спорт-рэсурсы і форумы проста падарваліся. У асноўным усё зводзіліся да агульнага меркавання – што, магчыма, заўзятары і перагнулі трохі палку — але судзіць сваіх жа неяк не фантан. У выніку Капскі сам патэлефанаваў, прызначыў сустрэчу. На размове ён нас выслухаў, сам выказаўся. У той час ім патрэбна была афіцыйная структура накшталт Клуба Заўзятараў. Ён адкрыта казаў: хлопцы, мне куды прасцей дзесьці фінансава паспрыяць падрыхтоўцы перфомансаў, недзе праплаціць вам транспарт, чым потым плаціць штрафы. На той момант мы разышліся нармальна. Клуб пазоў адклікаў. І два гады ўсё было адносна нармальна. Ну, прынамсі калі ад нас недзе патрабавалася саступіць, або дапамагчы не на шкоду агульнай справе, заўсёды ішлі на дыялог.

Еўрарадыё: І што потым?

Аляксандр: А потым 2010 – як гаварыў ужо, еўракубкавы матч. У нашым сектары былі паднятыя расцяжкі "14-88". Гулялі з ісландцамі, кваліфікацыя Лігі Чэмпіёнаў ў нас у Барысаве. Я і яшчэ пара хлопцаў былі ў клубе тады засвечаныя. То бок, калі былі нейкія пытанні, з клуба тэлефанавалі адразу нам. Ну, і Капскі праз два дні мне тэлефануе – давай маўляў мне тых, хто гэта зрабіў. Як яны думалі наогул гэта выглядаць будзе? Ну і выграбалі ў выніку не вінаватыя, а тыя, хто калісьці быў засвечаны ў клубе ці міліцыі.

На гутарцы тады яшчэ Капскі наогул казаў, што з гэтага часу кожны наведвальнік фансектара павінен будзе падпісваць нейкую там антыфашысцкую дэкларацыю. Я падумаў – на стадыёне месца яшчэ шмат, навошта праходзіць прыніжальную працэдуру шмону, перапісу і нейкіх незразумелых дэкларацый. І адзіным на той момант рашэннем стаў байкот фанацкага сектара. Гэта значыць на матчы я хадзіў і на выезды катаўся – але не ў сектары.

Еўрарадыё: Колькі фанатаў падтрымалі байкот тады? Вас было шмат?

Аляксандр: Увесь актыўны сектар, гэта чалавек 300-400.

Еўрарадыё: Доўга працягваўся байкот?

Аляксандр: Пачалося ўсё ў ліпені і аж да траўня наступнага года. Капскі зразумеў, што людзей ён сілай і ўладай на сектар не загоніць. Адразу брудам паліваў. Тут яшчэ выезд у Ціраспаль быў у кастрычніку. Хтосьці пасля гола фаер запаліў і мясцовыя міліцыянты вельмі жорстка ўсіх дзяўбці пачалі. А там і дзяўчаты былі, і простыя заўзятары. У мяне фаер таксама быў – але яго запаліў ўжо калі людзей біць пачалі. Гэта значыць проста ад міліцыі ім адмахваўся, а зверху хтосьці на тэлефон зняў і ў клуб прынёс.

Там жа на сутках чалавек 10 пакінулі. Практычна ні за што, плюс колькі збітых было. Я асабіста ў аддзеле тады быў. Дык вось з затрыманых ведаў у твар некалькі чалавек. Астатнія – проста выпадковыя людзі, якія паехалі на футбол.

Еўрарадыё: БАТЭ ніяк не заступіўся за сваіх?

Аляксандр: Пасля матчу падыходзілі хлопцы да Капскага – што, маўляў, з затрыманымі рабіць? Той сам на нервах – так, маўляў, ім і трэба, самі вінаватыя. Тлумачылі яму, што запалілі два фаеры, а людзей забралі 20 чалавек.

Еўрарадыё: Затрыманыя адседзелі тады суткі?

Аляксандр: Хто суткі, хто трое. І ўжо па прыездзе дадому тут сваякі затрыманых паніку паднялі. Што гэта маўляў дзеецца такое. Толькі пасля гэтага клуб неяк там ўпісаўся, консула ў Малдове вызванілі, грошай перадалі на зваротны шлях.

Еўрарадыё: Пасля гэтага выезду яшчэ былі выпадкі канфліктаў з кіраўніцтвам клуба? Альбо да акцыі падтрымкі Майдана было ціха?

Аляксандр: Як сказаць... Байкот працягнуўся. Кіраўніцтву таксама ў адным месцы пекла, што ў лепшага клуба ў краіне падтрымкі няма. А зрабіць нічога не могуць. Гэта ж не кіно, калі можна неяк паўплываць. І яны пачалі паволі прамацваць хлопцаў маладзейшых. Зразумелі, што мы (тыя хто старэйшыя) ад свайго не адступімся і пойдзем да канца. Мы шмат і не патрабавалі — далоў ганебную дэкларацыю ды нейкіх адэкватных каментароў. Таму што хочуць падтрымкі – а хто потым пойдзе падтрымліваць? Калі вакол брудам паліваюць і ўжо вобраз такі склаўся. І на жаль, знайшліся людзі, якія пайшлі на нейкія саступкі. Тады паміж сабой рознагалоссі пачалі наклёўваецца. Вось на глебе гэтых рознагалоссяў частка людзей сама пайшла на размову да Капскага. Давайце, маўляў, сябраваць.

Еўрарадыё: На матчах БАТЭ, еўракубкавых і матчах чэмпіянату, фанацкі сектар цяпер запоўнены. Гэта акурат тыя, хто пайшоў на саступкі клубу?

Аляксандр: Пасля 2011-га – так. Гэта значыць частка пайшла на саступкі, яшчэ нейкая частка проста без свайго меркавання далучылася да масоўкі. А ёсць яшчэ такія, хто і пра канфлікт не ведае толкам, яны з'явіліся ўжо пасля гэтых падзей. Ім камфортна – тры гады выезды ў Еўропу аплачвае клуб. Частку выездаў па Беларусі таксама.

Еўрарадыё: А што робяць тыя фанаты, якія не пайшлі на саступкі? Вы асабіста наведваеце матчы ў іншых сектарах, альбо байкатуеце?

Аляксандр: Наведваю матчы як дома, так і на выездах. Толькі не ў сектары актыўных фанатаў БАТЭ. На еўравыездах крыху складаней, там для прыезджых квіткі рэальна купіць толькі ў зарэзерваваныя клубам сектары.

Еўрарадыё: Чаму ў вас узнікла ідэя падтрымаць акцыяй Майдан? Гэта быў крок у адказ на падобныя акцыі фанатаў украінскіх клубаў, альбо нейкая іншая прычына ёсць?

Аляксандр: У мяне ніякай ідэі не ўзнікала і адкуль там фігуруе маё прозвішча — мне невядома.

Еўрарадыё: Зразумела. Алё Чаму Капскі гаворыць пра вас?

Аляксандр: Можа падобны хтосьці на фота. А хутчэй, хоча адвесці непажаданыя наступствы ад людзей, якія наведваюць актыўны фанацкі сектар.

Еўрарадыё: Столькіх гісторый з кіраўніцтвам клуба ў вас, жаданне перастаць падтрымліваць БАТЭ не знікае?

Аляксандр: Не, абсалютна. Кіраўніцтва (за выключэннем вядома самога Капскага) сёння адно, заўтра іншае. А я за БАТЭ заўзеў і заўзець буду і пры ўсім сфармаваным стаўленні да Капскага толькі тупы, напэўна, не разумее, што клуб існуе, пакуль яму гэта трэба. Не будзе Капскага – і незразумела, што будзе з клубам. З іншага боку, пры ўсёй павазе да Капскага– хто ён такі, каб вызначаць, хто сапраўдны фанат, а хто не? Старшыня праўлення? Ну вось і займайцеся сваёй справай. А мы ў сваёй фанацкай кухні як-небудзь самі разбярэмся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі