Вы тут

Фабрыка чырвоных ліхтароў: у Кітаі рыхтуюцца да Новага года

Рабочыя ў цэху вырабу чырвоных ліхтарыкаў ва ўсходняй правінцыі Хэбэй, Кітай, 2019 год. EPA-EFE/ROMAN PILIPEY

Па матэрыялу "Грамадскага"

5 лютага ў Кітай прыйдзе Новы год. Яго адзначаюць два тыдні па месяцовым календары. Заканчваецца ўсё Святам ліхтароў — ліхтары сімвалізуюць багацце, росквіт і поспех. У гэтыя дні іх можна сустрэць на кожным кроку. Традыцыі больш за дзве тысячы гадоў, з ёй звязана нямала легенд.

У невялікім пасёлку Тунтоу кітайскай ўсходняй правінцыі Хэбэй размешчана адна з самых вядомых старых майстэрняў ліхтароў. Знайсці яе не складана — звонку фабрыку выдае велізарны металічны ліхтар, а ўнутры штодня пануе святочная атмасфера. Для непадрыхтаваных вачэй — занадта ярка. Але самі рабочыя даўно прызвычаіліся. Тут майструюць абажуры для ліхтароў, выраб аднаго такога абажура ў дасведчанага работніка займае 5-10 хвілін.

Гіганцкі металічны чырвоны ліхтар ля цэха вырабу ліхтарыкаў ва ўсходняй правінцыі Хэбэй, Кітай, 2019 год. EPA-EFE/ROMAN PILIPEY
Рабочыя ў цэху вырабу чырвоных ліхтарыкаў ва ўсходняй правінцыі Хэбэй, Кітай, 2019 год. EPA-EFE/ROMAN PILIPEY

Нягледзячы на эпоху высокіх тэхналогій, у цэху ўсё вырабляюць уручную. Акрамя корпуса ліхтара, які робяць папярэдне на фабрыцы. Гатовы абажур надзяваюць на каркас. За дзень могуць вырабіць да тысячы ліхтароў розных памераў. Спецыяльна падбіраюць якасны матэрыял, каб ліхтарык атрымаўся прыгожым і служыў не адзін год тым, хто яго потым набудзе ў краме. Ліхтары таксама павінны быць трывалымі і вытрымліваць моцны вецер.

Работніцы ў цэху вырабу чырвоных ліхтарыкаў ва ўсходняй правінцыі Хэбэй, Кітай, 2019 год. EPA-EFE/ROMAN PILIPEY

У перыяд навагодніх святаў нават самыя сучасныя кітайскія мегаполісы ператвараюцца ў "старамодныя" гарады з чырвонымі ліхтарыкамі. Так жа яны выглядалі дзве тысячы гадоў таму. Кітайцы жартуюць, што часам у Новы год можна так заглядзецца на ліхтары, што нават забыць паспрабаваць "юаньсяо" — шарыкі з рысавай мукі з розным начыннем з цукру, алею, грэцкага арэха, якімі традыцыйна частуюць на Свята ліхтароў.

Мужчына на скутары праязджае міма чырвоных ліхтарыкаў па вуліцы пасёлка ва ўсходняй правінцыі Хэбэй, Кітай, 2019 год. EPA-EFE / ROMAN PILIPEY
Кітайскі дзядуля нясе на плячах ўнучку па алеі чырвоных ліхтарыкаў у адным з цэнтральных паркаў Пекіна, Кітай, 2019 год. EPA-EFE / ROMAN PILIPEY