Вы тут

Еўрасаюз не будзе фінансаваць будаўніцтва агароджы на мяжы з Беларуссю

Участак літоўска-беларускай мяжы / AFP / Scanpix​

Еўрасаюз не будзе выдзяляць бюджэтныя грошы на ўстаноўку загараджальных збудаванняў на сваіх знешніх межах, у тым ліку на мяжы з Беларуссю, паведамляе "Інтэрфакс-Захад" са спасылкай на старшыню Еўракамісіі Урсулу фон дэр Ляен.

Разам з тым старшыня ЕК пацвердзіла, што існуе фінансаванне памежнага кантролю з Еўрапейскага бюджэту.

"Грошы вылучаюцца не толькі на абсталяванне, персанал і неабходнае электроннае абсталяванне, але і на так званую інфраструктуру. Аднак я вельмі выразна дала зразумець, што існуе даўняе абавязацельства Еўракамісіі і Еўрапарламента, у адпаведнасці з якім фінансавання калючага дроту і сцен не будзе", — сказала фон дэр Ляен.

Як паведамляла Еўрарадыё, Брусель рыхтуе меры для таго, каб спыніць паток мігрантаў у краіны Еўрасаюза праз Беларусь. 22 кастрычніка лідары краін ЕС прынялі заяву, у якой заявілі аб намеры ўвесці новыя санкцыі ў дачыненні да ўладаў Беларусі ў сувязі з сітуацыяй з мігрантамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.