Еўрапарламент і краіны ЕС папярэдне дамовіліся наконт 7-гадовага бюджэту

Увечары 19 чэрвеня перамоўшчыкі з Еўрапарламента і ўрадаў краін ЕС узгаднілі кампраміс у справе бюджэту на 2014-2020 гады. Віцэ-прэм’ер Ірландыі Іман Гілмар, які прадстаўляў урады краін, назваў гэты дзень “вельмі добрым для Еўропы”:

“Мы ўзгаднілі пакет, які прадставілі ўсяму Еўрапарламенту і міністрам еўрапейскіх спраў кожнай з краін-сяброў ЕС. У нас ёсць прапанова, якая можа быць выкарыстана для падтрымкі эканамічнага росту і занятасці ў ЕС”.

Тым часам старшыня бюджэтнай камісіі Еўрапарламента ЕС Ален Ламасур, які таксама ўдзельнічаў у перамовах, пракаментаваў іх вынікі:

“Пазіцыя Еўрапарламента была пачутая і прынятая. Але пакуль парламент не можа даць канчатковае пацверджанне, улічваючы наяўнасць розных палітычных груп у перамоўнай камандзе”.

Сапраўды, Ламасур мае рацыю. Напрыклад, балгарскі еўрадэпутат, сацыяліст Івайла Калфін пасля перамоваў напісаў у твітары:

“Перамовы скончаныя. Яны не задаволілі ўсіх. Мы не можам сёння пацвердзіць пагадненне”.

Калі міністры еўрапейскіх спраў краін-сяброў ЕС прымуць пагадненне 25 чэрвеня, то яно будзе вынесена на галасаванне падчас пленарнай сесіі Еўрапейскага парламента ў ліпені.

Беларускі палітолаг Алесь Лагвінец лічыць, што які-небудзь кампраміс усё ж такі будзе знойдзены. Бо, па сутнасці, урады краін ужо дамовіліся наконт бюджэту. Цяпер жа гаворка ідзе пра захаванне Еўрапейскім парламентам свайго аблічча. Апошні, дарэчы, хоча ў будучыні павялічыць напаўненне бюджэту ЕС за кошт уласных падаткаў, а не ўнёскаў краін-сяброў.

Алесь Лагвінец: “Ёсць пэўная колькасць уласных даходаў бюджэту ЕС, напрыклад, мытныя пошліны альбо акцызы. Але іх доля непараўнальна меншая з унёскамі непасрэдна дзяржаваў-чальцоў. Размова ідзе пра тое, каб зрабіць бюджэт, магчыма, больш незалежным. І каб аўтаматычна ў бюджэт ЕС ішлі падаткі. Напрыклад, карпарацыйны, на фінансавую дзейнасць альбо экалагічны падатак”.

Узгоднены краінамі ЕС бюджэт на 2014-2020 гады складае 960 мільярдаў еўра. А таксама прадугледжвае ўнёскі краінаў ЕС у памеры 908 мільярдаў еўра. У 2016 годзе Еўрапейская камісія перагледзіць шматгадовую фінансавую перспектыву ЕС з улікам эканамічнай сітуацыі, пасля чаго можа прапанаваць змены ў бюджэце.

Варта дадаць, што ўпершыню ў гісторыі ЕС бюджэт вырашылі скараціць: у наступныя сем гадоў ён будзе амаль на 3% меншы, чым у 2007-2013 гадах.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі