Вы тут

Эксперты NATO: Расія — галоўны пастаўшчык фальшывых лайкаў у сацсетках

pixabay.com

Эксперты NATO прыйшлі да высновы, што Расія — галоўны пастаўшчык фальшывых лайкаў у сацыяльных сетках. Выяўленая сетка складаецца з 18 тысяч фальшывых акаўнтаў. Яна выкарыстоўвалася для прасоўвання дзяржорганаў і палітыкаў (у тым ліку двух афіцыйных старонак прэзідэнтаў). Для таго, каб выйсці на гэтую сетку, эксперты купілі лайкаў, праглядаў, каментароў на 300 еўра, інфармуе "Бі-Бі-Сі".

Даклад на тэму "маніпулявання ў сацсетках" выпусціў Перадавы цэнтр NATO па пытаннях стратэгічных камунікацый, які знаходзіцца ў Рызе, пры ўдзеле кампаніі Singularex з Харкава. Рынак накрутак у сацсетках выкарыстоўваецца найперш у камерцыйных мэтах і значна менш у палітычных. Першыя бот-фермы, якія дапамагалі за грошы атрымаць фальшывую папулярнасць у сацыяльных сетках, з'явіліся ў Расіі. Аўтары даклада сведчаць, што згаданыя расійскія сервісы працягваюць дамінаваць на сусветным рынку. І гэтая індустрыя з кожным годам расце.
 
У справаздачы не называюцца прозвішчы. Адзначаецца, што большасць выяўленых палітычных маніпуляцый не распаўсюджвалася на краіны Захаду.

У дакладзе сцвярджаецца, што Twitter — самая эфектыўная платформа для супрацьдзеяння бот-фермам. YouTube найлепш спраўляецца з накруткамі лайкаў і праглядаў. Instagram пастаўшчыкі паслуг па маніпуляванні лічаць самай простай платформай для такой працы. Што да Facebook, то і ён мае ўразлівасць, нягледзячы на ўсе захады па абароне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.