Вы тут

Экс-супрацоўнік ФСБ — пра камандзіроўку ў Беларусь: магутнае лобі разрыву з РФ

Ігар Стралкоў (Гіркін) падчас падзей на Данбасе, 2014 год / ria.ru

Былы супрацоўнік ФСБ Расіі Ігар Стралкоў (Гіркін) падчас наведвання Самары распавёў пра сваю камандзіроўку ў Беларусь у 2005 годзе. Ён палохае "ліцьвінскай прапагандай", якая нібыта існуе ў нашай краіне і падтрымліваецца дзяржавай.

"Адразу па завяршэнні апошняй сваёй чачэнскай камандзіроўкі я быў накіраваны па абмене — там абмен быў паміж іх КДБ і нашым ФСБ, і там тры тыдні я быў на стажыроўцы, у Мінску, — гаварыў Стралкоў. — За гэтыя тры тыдні я шмат чаго даведаўся і шмат, чаго ўбачыў... Ужо тады... у Беларусі ішла ліцьвінская прапаганда, вельмі сур'ёзная, па цэнтральных тэлеканалах. Скіраванасць гэтай прапаганды была вельмі выразна бачная, асабліва мне як спецыялісту. Падтрымка гэтай ліцьвінізацыі з боку ўладаў таксама была бачная простым вокам. Але, вядома, яна праводзілася мякка".

Стралкову тады распавялі, што ў атачэнні Аляксандра Лукашэнкі "існуе сур'ёзнае ліцьвінскае лобі, празаходняе, якое займаецца ідэалогіяй". "Тыя акуратна, не спяшаючыся выхоўваюць моладзь і ўсё грамадства ў сепаратысцкіх... ідэях…, — распавядае расійскі дзеяч. — Упор рабіўся на польскасць, на захад, на каталіцтва або ўніяцтва і на "крывавы царскі рэжым, які жорстка здушыў паўстанне".

Ігару Стралкову (сапраўднае прозвішча — Гіркін) 48 гадоў. Да 2013 года з'яўляўся супрацоўнікам ФСБ. Удзельнічаў у захопе парламента Крыма ў лютым 2014-га, пасля з'явіўся на Данбасе, дзе стаў адным з камандзіраў падраздзяленяў, якія ваявалі супраць украінскіх войскаў. З Данбаса яго адклікалі ў Маскву і вярнуцца ўжо не дазволілі. Цяпер — ваенны пенсіянер, грамадскі дзеяч, эксперт, жорстка крытыкуе Уладзіміра Пуціна.