Вы тут

Экс-рэдактара смаргонскай газеты пакаралі "хіміяй" за ўлёткі пра міліцыю

Рамуальд Улан / rh.by

На 2,5 гады "хіміі" асудзілі прадпрымальніка, былога ўладальніка і рэдактара "Новай газеты Смаргоні" Рамуальда Улана. Суд палічыў яго вінаватым у распаўсюдзе непраўдзівай інфармацыі. Судзілі яго па артыкуле "Паклёп".

Пацярпелымі па справе прызнаныя сем міліцыянтаў, паведамляе "Рэгіянальная газета". Менавіта іх гонар, на думку суда, зачапіў сваёй публікацыяй у сацсетках былы галоўны рэдактар "Новай газеты Смаргоні".

24 верасня Улан пад адным з пастоў у сацсетцы "ВКонтакте" размясціў некалькі фотаздымкаў улётак з партрэтамі супрацоўнікаў міліцыі і чыноўнікаў. Улан сфатаграфаваў улёткі ў горадзе і размясціў з каментаром: "Смелыя смаргонскія партызаны... хто фальсіфікуе пратаколы, парушае наша заканадаўства. Краіна павінная ведаць сваіх "герояў".

Улан не адмаўляў, што вывесіў у сацсетку фатаграфіі, але віны сваёй не прызнаў.

Пасля таго як быў абвешчаны прысуд, людзі ў зале пасяджэнняў закрычалі "Ганьба". Варта адзначыць, што суддзя толькі часткова падтрымала патрабаванні абвінавачвання. Пракурор прасіў для Улана максімальную санкцыю, прадугледжаную артыкулам "Паклёп", — тры гады абмежавання волі. Акрамя таго, ён прасіў спагнаць з Улана кампенсацыю на карысць пацярпелых у памеры 1000 рублёў кожнаму. Суддзя скараціла і тэрмін, і памер кампенсацый. Улан, паводле прысуду, павінен выплаціць па 300 і 500 рублёў.

Пасля таго як супраць Улана была распачатая крымінальная справа, у яго была канфіскаваная ўся аргтэхніка. Рамуальд Улан аказвае паслугі друку. Жыхары Смаргоні адрэагавалі на гэтую сітуацыю і сабралі для яго новую аргтэхніку, каб ён мог працягваць працаваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.