Смаргонцы дапамаглі прадпрымальніку, у якога міліцыя канфіскавала аргтэхніку

Смаргонцы дапамаглі прадпрымальніку, у якога міліцыя канфіскавала аргтэхніку

Жыхары Смаргоні сабралі аргтэхніку для прыватнага прадпрымальніка Рамуальда Улана пасля таго, як у яго забралі тэхніку міліцыянты. 

Рамуальд Улан аказвае паслугі друку. Ён былы выдавец і заснавальнік "Новой газеты Сморгони" (1996-2005). 

Як распавядала Еўрарадыё, у Смаргоні пачалаі крымінальную справу за паклёп, калі ў горадзе з'явіліся ўлёткі пра мясцовых міліцыянтаў і чыноўнікаў. Адным з фігурантаў справы стаў і Рамуальд Улан, які, па яго словах, толькі апублікаваў у сацсетках здымак улётак на плоце. 

Дома і ў офісе Улана прайшлі ператрусы. Міліцыянты канфіскавалі неабходную для працы аргтэхніку і тэлефоны. 

"Я адразу заявіў следчаму, што ўлёткі друкаваліся не на маім абсталяванні, на паліграфе гэта можна пацвердзіць. Мяне не паслухалі. 26 верасня канфіскавалі ўсю тэхніку на працы, у тым ліку каляровыя прынтары, сістэмныя блокі. І яшчэ дома — тэлефоны, планшэт, прынтар", — распавёў Улан "Рэгіянальнай газеце".

Прадпрымальнік звярнуўся праз сацсеткі да смаргонцаў з просьбай дапамагчы з аргтэхнікай. Просьбу ён размясціў у суботу ўвечары, а ўжо да панядзелка меў амаль усю неабходную тэхніку. 

"Смаргонцы прывозілі, прыносілі прынтары, сістэмныя блокі. Два чалавекі нават прапаноўвалі пералічыць грошы на картку. Для прадпрымальніка, які прывык грошы зарабляць, гэта было нязвыкла. Я, вядома, адмовіўся", — дзеліцца падрабязнасцямі смаргонец.

Улан дадае, што і да сённяшняга дня людзі прыносяць у офіс пачкі офіснай паперы, нешта замаўляюць, купляюць, каб падтрымаць яго.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі