Вы тут

Экс-прэм’ер Андрэй Кабякоў збіраецца стаць банкірам

Андрэй Кабякоў. Фота: Reuters

Экс-прэм’ер Андрэй Кабякоў у бліжэйшы час можа стаць топ-менаджарам аднаго з беларускіх банкаў. Па звестках партала TUT.by, Кабякоў прайшоў ацэнку адпаведнасці кваліфікацыйным патрабаванням і патрабаванням да дзелавой рэпутацыі адмысловай камісіі Нацыянальнага банка Беларусі.

Пасля атрымання ацэнкі адпаведнасці Андрэй Кабякоў можа займаць пасады кіраўніка, намесніка кіраўніка банка ці нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі, уваходзіць у праўленне ці быць незалежным дырэктарам банка ці НКФА.

Рэкамендацыі пры прахаджанні камісіі Андрэю Кабякову прадставілі былы першы віцэ-прэм'ер урада Васіль Мацюшэўскі і незалежны дырэктар “Альфа-Банка” Урал Латыпаў. У верасні Мацюшэўскі, які аднойчы ў сваёй кар'еры ўжо мяняў дзяржаўную службу на працу ў камерцыйным банку, таксама прайшоў кваліфікацыйную камісію Нацбанка.

Якія пасады могуць заняць Мацюшэўскі ці Кабякоў? Ужо паўтара месяцы — пасля таго, як 18 жніўня прэм’ер-міністрам Беларусі прызначаны Сяргей Румас, — пустуе крэсла кіраўніка Банка развіцця.