Вы тут

Як экс-прэм'ер Беларусі дапамагае расійскай карпарацыі хавацца ад санкцый

Андрэй Кабякоў з урада пайшоў у вуглездабытчыкі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Адразу трое былых прэм'ер-міністраў Беларусі пасля адставак працягваюць кар'еры "на расійскім кірунку". Міхаіл Мясніковіч — старшыня Еўразійскай эканамічнай камісіі, Сяргей Румас у 2021-м увайшоў у назіральны савет Рассельгасбанка, а Андрэй Кабякоў узначальвае вугальны холдынг коштам больш за два мільярды долараў.

Толькі вось Кабякову з холдынгам не вельмі пашанцавала: у лютым ён, як частка ўласнасці расійскай дзяржкарпарацыі "ВЭБ. РФ", трапіў пад санкцыі. І цяпер былому прэм'еру, як ён калісьці ратаваў ад санкцый беларускую эканоміку, даводзіцца прыкладаць намаганні для абароны новага месца працы.

 

Гаспадар Сібіры

Кемераўская вобласць знаходзіцца ў Заходняй Сібіры. Параўнальна недалёка — Казахстан і Манголія. А яшчэ тут знаходзяцца вялікія паклады карысных выкапняў. Менавіта таму ў вобласці актыўна працаваў холдынг "Сібвуглямет".

"Сібвуглямет" займаецца вытворчасцю каксаўных вуглёў,  неабходных у металургіі. У канцы 2020-га холдынг узначаліў былы беларускі прэм'ер Кабякоў — пасля таго, як пакінуў пасаду незалежнага дырэктара Белгазпрамбанка.

Уладальнікі холдынга — дзяржкарпарацыя "ВЭБ.РФ" — раней спрабавалі прадаць закрэдытаваныя прадпрыемствы за суму, блізкую да двух мільярдаў долараў. Размовы пра гэта ішлі з Раманам Абрамовічам, але пакуль да здзелкі не дайшло. Таму холдынг працягвае несці страты і назапашваць даўгі.

Статутны капітал кампаніі — мільён расійскіх рублёў, а прадаць яе хочуць за 2 млрд долараў

"Здзелка была здзейсненая на рынкавых умовах і прайшла ў рамках выкупу доляў кіраўнічай кампаніі яе менеджментам (management buy out). Фізасобы, якія прынялі ўдзел у здзелцы, у цяперашні момант не маюць дачынення да "ВЭБ. РФ". У рамках здзелкі ўдзельнікамі таксама было прынята рашэнне аб перайменаванні кіраўнічай кампаніі. У цяперашні час усе прадпрыемствы, якія знаходзяцца пад кіраваннем НГКК, працягваюць працаваць у штатным рэжыме, забяспечваецца бесперапыннасць вытворчага працэсу і выкананне ўсіх абавязацельстваў перад заказчыкамі і партнёрамі", — заяўлялі ў сакавіку "Интерфаксу" ў "Групе Сібвуглямет".

У сярэдзіне сакавіка стала вядома, што гендырэктарам НГКК стаў Андрэй Кабякоў. Па звестках дзяржрэестра, тады ж ён перастаў быць кіраўніком "Групы Сібвуглямет".

Пасля змены фармальнай структуры ўласнасці перастаноўкі ў холдынгу працягваюцца. Напрыклад, гендырэктарам "Сібвуглямет-М", адной з "дачок" НГКК, якая адказвае за аптовыя продажы, стаў адзін з новых партнёраў Кабякова Андрэй Тараска. А ўжо ў траўні АТ "Сібвуглямет" — гандлёвая кампанія ў рамках холдынга — змяніла назву на АТ "Гандлёвы дом Паўднёва-Сібірскі".

 

Фармальна "выратаваныя"?

У санкцыях, якія ЗША ўвялі супраць "ВЭБ" і яго "дачок" за два дні да вайны, з усяго мноства юрасоб, звязаных са здабычай вугалю, згадваецца толькі "Група Сібвуглямет". Ні "Холдынг Сібвуглямет", ні тым больш асобныя гандлёвыя дамы там не згадваюцца.

Цяпер фармальна "Група Сібвуглямет" не мае ніякага дачынення да здабычы і вытворчасці вугалю. Больш за тое, НГКК (былы "Холдынг Сібвуглямет") не звязаная з "ВЭБ.РФ" і па паперах з'яўляецца кампаніяй, якой валодаюць прыватныя асобы. Ніхто з топ-менеджараў холдынга ў абмежавальныя спісы дагэтуль не трапіў.

Фактычна Кабякоў увайшоў у кампанію наёмным менеджарам, а цяпер не проста дапамог рэструктураваць уласнасць, але і атрымаў долю ў ёй. Праўда, на якіх падставах — невядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.