Вы тут

Румас увайшоў у склад назіральнага савета “Рассельгасбанка”

Сяргей Румас / З архіву Еўрарадыё

Былы беларускі прэм'ер Сяргей Румас увайшоў у склад назіральнага савета “Россельхозбанка”. Яго імя з'явілася на сайце фінансавай ўстановы. Там ён пазначаны як "прадстаўнік Расійскай Федэрацыі".

Пра тое, што Сяргей Румас апынуўся сярод кандыдатаў у склад назіральнага савета згаданага банка, стала вядома ў сакавіку. Дакумент быў падпісаны расійскім прэм'ер-міністрам Міхаілам Мішусціным. У ім Румаса прадставілі, як старшыню назіральнага савета ААТ "Мінскі трактарны завод" (ім ён быў прызначаны вясной 2019 года, калі яшчэ быў кіраўніком Саўміна).

Сяргею Румасу 51 год, ён — кандыдат эканамічных навук. З 2012 года быў старшынём праўлення Банка развіцця, кіраваў Беларускай федэрацыяй футбола. Пасаду прэм'ер-міністра Беларусі займаў у жніўні 2018-га — чэрвені 2020 года. У пачатку лютага 2021-га з'явілася інфармацыя пра "знікненне" Румаса, якое звязвалі з затрыманнем групы банкіраў. Хутка высветлілася, што ён знаходзіцца ў Лондане ў сына, "жывы, не арыштаваны". Пасля Сяргей Румас прыехаў ва Украіну. Паводле яго слоў, "паездка звязана з тымі праектамі, аб якіх... гаварыў раней". Неафіцыйную інфармацыю пра ператрус у яго доме ў Беларусі ён не стаў каментаваць.

Румас — "прадстаўнік Расійскай Федэрацыі" / rshb.ru

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.