Вы тут

Экс-прэм'ер Беларусі знайшоў добрую працу ў Расіі

Андрэй Кабякоў / government.by

Былы прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў прызначаны генеральным дырэктарам холдынгавай кампаніі ТАА "Група Сібвуглемет" і старшынёй савета дырэктараў кіруючай кампаніі "Холдынг Сібвуглемет", паведамілі ў расійскай дзяржкарпарацыі ВЭБ.РФ.

Старшыня ВЭБ.РФ Ігар Шувалаў, прадстаўляючы новага топ-мэнэджара, сказаў, што Кабякоў — яго "даўні таварыш, які прапрацаваў доўгі час у структурах дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь".

"Ведаю яго як чалавека вельмі прыстойнага і адказнага, прафесіянала сваёй справы", — сказаў Шувалаў. Ён разлічвае, што кіраўнічы вопыт і стратэгічнае бачанне Кабякова "дазволяць вырашыць шэраг назапашаных праблем кампаніі, павялічыць кошт гэтага актыву і знайсці профільнага інвестара".

Кабякоў у беларускім урадзе — з 2000 года. Працаваў на пасадах першага віцэ-прэм'ера, намесніка прэм'ер-міністра — міністра эканомікі Беларусі.

У жніўні 2012 года ўзначаліў адміністрацыю прэзідэнта, але праз два гады зноў вярнуўся ва ўрад — змяніў Міхаіла Мясніковіча на пасадзе прэм'ер-міністра. З ураду ў 2018-м пайшоў у "Белгазпрамбанк", быў членам савета дырэктараў.

Кампанія "Сібвуглемет", якую ён узначаліў, з'яўляецца буйным вытворцам каксаванага вугалю. У вугальны холдынг уваходзяць два разрэза, шахты "Антонаўская" і "Бальшавік", а таксама абагачальныя фабрыкі "Міжрэчанская" і "Антонаўская".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.