Дырэктарам самага папулярнага тэатра Беларусі прызначылі экс-міліцыянта
Вячаслаў Лявоненка / puppet-minsk.by
Дырэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек у красавіку прызначылі 49-гадовага Вячаслава Лявоненку. Выявілася, што на чале самага папулярнага цяпер тэатра ў краіне стаў экс-сілавік, маёр міліцыі, які раней працаваў у сферы аховы. Гэта з дапамогай "Кіберпартызанаў" высветліла выданне "Зеркало".
Папярэдняй дырэктаркай тэатра была Таццяна Тоўсцік. Яе звальненне адбылося сёлета ў лютым. У калектыве кажуць, што яна звольнілася сама, каб вярнуцца да выкладчыцкай працы.
Вячаслаў Лявоненка з 2024 года быў намеснікам дырэктара ў тэатры. Аднак на сайце тэатра біяграфіі новага кіраўніка няма, як няма яе і ў адкрытых крыніцах.
Як піша выданне, у 2001 годзе Лявоненка скончыў Акадэмію МУС, служыў у мінскай міліцыі і да 2008-га даслужыўся да маёра. У 2012 годзе, калі яму было 35 гадоў, міліцыянта звольнілі з пасады старшага экперта-крыміналіста Заводскага РУУС Мінска да заканчэння тэрміну кантракту паводле пагаднення бакоў. Адразу пасля гэтага ён аказаўся ў службе аховы ў кампаніі "Еўрагандаль" (сетка крамаў "Еўраопт") і ў 2015-м стаў намеснікам начальніка аховы. У 2017-м Лявоненка годзе перайшоў у кампанію "Дабраном", якая валодае гандлёвымі сеткамі "Капеечка", "Маяк" і "Дабраном".
А ў лістападзе 2023-га экс-міліцыянт стаў функцыянерам Заводскай раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Белая Русь" (з якога вырасла і аднайменная партыя ўлады). І ўжо праз два месяцы, у студзені 2024-га, атрымаў крэсла намесніка дырэктара Тэатра лялек.
Лявоненка не першы сілавік у кіраўніцтве ўстановаў культуры. У 2024-м намеснікам дырэктара па бяспецы, рэжыму і кадрах Мінскага тэатра імя Горкага стаў Юрый Петрашэўскі — былы маёр міліцыі, які працаваў начальнікам крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маладзечанскага РАУС. Дырэктарам Гродзенскага драматычнага тэатра ў 2012-2025 гадах быў экс-вайсковец Ігар Гедзіч.