Вы тут

"Дурні і дэбілы!" — кандыдат Падгол адказвае на крытыку яго тэлевыступу

Ужо некалькі дзён у сацсетках віруе дыскусія, народжаная запісам тэлевыступу кандыдата ў дэпутаты. Уладзіміру Падголу з партыі БНФ удалося амаль немагчымае — зрабіць так, каб яго абмяркоўвалі нават далёкія ад палітыкі людзі.

"Даўно зразумеў, што тэлебачанне вельмі моцна адрозніваецца ад радыё. І гэта мусіць быць карцінка. Незвычайная, якая захоплівае. Вось. А ў мяне гэтая форма, я ўсё дэманстраваў на пікеце "Куля для прэзідэнта", у цэнтры Мінска, на праспекце", — расказвае Падгол пра сваё рашэнне выступаць перад тэлегледачамі ў шлеме танкіста, бронекамізэльцы з надпісам "Куля для прэзідэнта" і адразу трыма сцяжкамі — бела-чырвона-белым, ЗША і ЕС. Для яшчэ большай пераканаўчасці Падгол падчас выступу трасе асобнікам сваёй кнігі.

У размове з Еўрарадыё кандыдат, які ідзе на выбары ад партыі БНФ, кажа, што для ўдалага выступу правярнуў сапраўдную спецаперацыю: у тэлецэнтр прыйшоў у звычайнай вопратцы, адмовіўся ад грыму, каб не "паліць" свой план заўчасна, і надзяваць бронекамізэльку пачаў ужо за некалькі секунд да ўключэння камер. Сцвярджае, што эфект быў ашаламляльным:

"Там жа быў начальнік службы бяспекі тэлебачання. Там 5-6 мужыкоў таксама, быццам бы аператары. Але ж бачна, што з бяспекі. І калі я пачаў усё гэтае надзяваць на сябе, у іх мову адняло. Ну, проста ў людзей адняло мову. Шок. Я ім кажу — запрасіце Давыдзьку, ён мой сябар".

У выніку пасля непрацяглых кансультацый выступ Уладзіміра Падгола запісалі і пусцілі ў эфір цалкам і без скажэнняў. Для гэтага палітыку яшчэ давялося патлумачыць, што выраз "куля для прэзідэнта" перакладаецца на беларускую хутчэй як "падарунак", чым як "смерць".

"Яны ўбачылі, што я нармальны мужык. І нават потым прасілі кнігі ім пакінуць, паставіць свае аўтографы там", — расказвае Падгол.

На крытыку свайго выступу, якая разгарэлася ў інтэрнэце, прадстаўнік БНФ рэагуе спакойна і эмацыйна адначасова. Вельмі просіць не выразаць яго выказванне, а так і напісаць.

"Я шчаслівы. А гэтыя ўсе выказванні, што я дурань, што я дыскрэдытую... Дурні і дэбілы! Так, не выразаючы, і скажыце. Людзі, якія абсалютна нічога не разумеюць у сучаснай палітыцы", — сцвярджае Уладзімір Падгол.

Я шчаслівы. А гэтыя ўсе выказванні, што я дурань, што я дыскрэдытую... Дурні і дэбілы! Так не выразаючы і скажыце. Людзі, якія абсалютна нічога не разумеюць у сучаснай палітыцы

Кандыдат у дэпутаты ад партыі БНФ Уладзімір Падгол

Адным з тых, хто крытычна выказаўся пра выступ Падгола, стаў палітолаг Дзяніс Мельянцоў. "Гэта наглядны адказ на пытанне, чаму Лукашэнка да гэтага часу пры ўладзе. Суіцыдальны піяр партыі БНФ", — напісаў Мельянцоў у сваім фэйсбуку.

Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч не згодны. Кажа, што выступ Падгола бачыў і да зместу не мае ніякіх пытанняў. Палітык мяркуе, што спрэчнай у ім можна назваць толькі форму:

"Што тычыцца формы, такой эпатажнай, якую спадар Уладзімір выбраў для сябе, то я, натуральна, як кіраўнік партыі для сябе такую форму выступу палічыў бы недапушчальнай. А для аднаго з кандыдатаў я не бачу ў гэтым ніякай праблемы", — разважае Янукевіч.

Гэта наглядны адказ на пытанне, чаму Лукашэнка да гэтага часу пры ўладзе. Суіцыдальны піяр партыі БНФ

Палітолаг Дзяніс Мельянцоў

Старшыня партыі БНФ крытычную рэакцыю на выступ Падгола ацэньвае наступным чынам: "Ведаеце, можна смяяцца, калі ты сам у гэтай сферы дасягнуў нечага, што можаш прадэманстраваць. А вось так, на ўзроўні фэйсбучнай крытыкі... Ну няхай людзі парадуюцца, калі іх гэта радуе... Лічу, што галоўнае не тое, што на галаве, а тое, што ў галаве. Пасля гэтага выступу мы Уладзіміра Падгола можам назваць нашым беларускім Дыягенам".

Ці пераможа беларускі Дыяген на выбарах у Палату прадстаўнікоў, даведаемся ўжо зусім хутка — 11 верасня. Супрацьстаяць Уладзіміру Падголу ў акрузе будуць такія вядомыя асобы, як Віктар Цярэшчанка і Ірына Дарафеева.