Ярмошына: Да выбараў 2018 года ніякіх зменаў у выбарчым заканадаўстве не будзе

Ярмошына: Да выбараў 2018 года ніякіх зменаў у выбарчым заканадаўстве не будзе

Спецыяльная камісія не адзін месяц вывучала рэкамендацыі АБСЕ па выніках парламенцкіх выбараў 2016 года і рыхтавала свае прапановы: якія з іх можна ўлічыць і скарыстаць для зменаў беларускага выбарчага заканадаўства. Планавалася, што прапановы гэтай камісіі разгледзяць на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Вось толькі працавала камісія, відаць, дарма: для “выбарчай” нарады часу ў кіраўніка краіны так і не знайшлося.

“Камісія працавала, але ж яна выпрацавала прапановы, а не законапраект, — кажа старшыня Цэнтравыбаркама Лідзія Ярмошына. — Але нарада так і не была прызначаная, “дабро” не атрыманае, даручэнне на распрацоўку закона не дадзенае”.

Адпаведна, да мясцовых выбараў 2018 года ніякіх зменаў у выбарчае заканадаўства ўнесена не будзе

Цяпер Лідзія Ярмошына ўпэўнівае: няма нічога дзіўнага ў тым, што тая нарада па зменах выбарчага заканадаўства, з просьбай прызначыць якую да кіраўніка краіны, дарэчы, звяртаўся менавіта ЦВК, так і не адбылася. Маўляў, Аляксандр Лукашэнка на сустрэчах “з еўрапейскімі чыноўнікамі і ў тым ліку — прадстаўнікамі АБСЕ неаднаразова казаў, што не трэба прыспешваць Беларусь на шляху дэмакратызацыі, што наша заканадаўства адпавядае еўрапейскаму ўзроўню”. І адразу супакойвае: адкату назад не будзе — і на мясцовых выбарах будуць дзейнічаць тыя “прагрэсіўныя правілы, якія з’явіліся як правапрымяняльная практыка падчас правядзення парламенцкіх выбараў”.

Ярмошына: “А гэта і рэйтынгавае галасаванне пры ўтварэнні выбарчых камісій, абмеркаванне ўсіх кандыдатур, якія былі рэкамендаваныя. Альбо павелічэнне празрыстасці пры падліку галасоў, калі абавязкова адзін бок стала павінен быць свабодным”.

Але як да гэтага паставіцца тая ж АБСЕ, з якой сябры камісіі неаднаразова абмяркоўвалі і ўзгаднялі свае прапановы па зменах беларускага заканадаўства? Старшыня ЦВК адмахваецца ад гэтага пытання як ад нечага нязначнага, не вартага ўвагі.

“Ну, прэтэнзіі, натуральна ж, будуць, тут пытанняў няма. Бо калі гэтая арганізацыя рэкамендуе, яна разлічвае, што яе рэкамендацыі будуць выконвацца. Але я хацела б нагадаць, што ў Беларусі няма практыкі запрашэння на выбары міжнароднай місіі назіральнікаў. Таму місія АБСЕ, я думаю, не будзе запрошаная (на выбары 2018 года — Еўрарадыё). Зразумела, нічога не замінае нам запрасіць яе, але я сумняваюся, што яна будзе запрошаная. У нас звычайна назірае невялікая колькасць міжнародных назіральнікаў, але гэта не больш чым станоўчая практыка. І гэта прадстаўнікі замежных пасольстваў, акрэдытаваныя ў Мінску”, — кажа Ярмошына.

А як жа рэферэндум — яго адначасова з мясцовымі выбарамі праводзіць плануецца? Гучалі ж прапановы, каб праз народны плебісцыт і тэрміны паўнамоцтваў кіраўніка краіны і дэпутатаў парламента павялічыць, і даць магчымасць абіраць дэпутатаў па партыйных спісах, і нават смяротнае пакаранне адмяніць.

Ярмошына: “Ніякіх тэхнічных ці арганізацыйных перашкод для правядзення рэферэндуму адначасова з выбарамі няма. А ці будзе гэта — у нас няма такой інфармацыі. Ніхто нам нават даручэнняў такіх не даваў. І не выказваў ніхто з боку кіруючых структур нават гіпатэтычнае меркаванне, што такое магчыма”.

Еўрарадыё: А вы як “чалавек каманды прэзідэнта” не можаце агучыць у камандзе прэзідэнта прапанову вынесці не рэферэндум вартыя таго прапановы?

Ярмошына: Як чалавек каманды прэзідэнта… Як увогуле кожны грамадзянін я магу агучыць што заўгодна. Але гэта не з’яўляецца тым самым пасылам, які патрабуе спецыяльнага разгляду і прыняцця рашэння па дадзеным выказванні. Бо я не надзеленая правам вылучаць такую ініцыятыву.

І дае цікавы адказ на пытанне, ці ёсць цікавасць да будучых мясцовых выбараў з боку дзяржавы. Па словах Ярмошынай, дзяржаве цяпер не да таго — “на парадку дня эканамічныя і сацыяльныя пытанні”. А думаць цяпер пра выбары, да якіх яшчэ амаль 6 месяцаў, “немэтазгодна і нават не карысна”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі