Вы тут

Прапановы БДІПЧ АБСЕ будуць разглядаць у Беларусі да 1 лютага

Фота: gagauzinfo.md

У Беларусі разгледзяць рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ па зменах у выбарчае заканадаўства. Свае прапановы па іх рэалізацыі беларускі бок выпрацуе да 1 лютага, перадае БЕЛТА са спасылкай на старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну.

Прапановы будзе вывучаць міжведамасная экспертная група пры ЦВК і Цэнтрвыбаркам. Яны пададуць даклад кіраўніку дзяржавы. Па словах Ярмошынай, пакуль цяжка сказаць, якія менавіта рэкамендацыі афіцыйны Мінск улічыць.

Рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ былі выпрацаваныя па выніках сёлетніх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Яны абмяркоўваліся 20 снежня на працоўнай сустрэчы Ярмошынай з кіраўнікамі місіі АБСЕ. Таксама спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ, намеснік старшыні ПА АБСЕ Кент Харстэд і кіраўніца місіі БДІПЧ АБСЕ Каятан дэ Зулуета Аўтрам сустрэліся з экспертнай групай пры ЦВК і прынялі ўдзел у яе пасяджэнні.

На сустрэчы з Ярмошынай кіраўніцтва місіі АБСЕ прэзентавала канчатковую справаздачу па парламенцкіх выбарах у нашай краіне. Прадстаўнікі АБСЕ звярнулі ўвагу на ключавыя моманты рэкамендацый — у прыватнасці, на працэдуру падліку галасоў і фармаванне складу выбарчых камісій.

Ярмошына назвала прапановы АБСЕ, якія Цэнтрвыбаркам лічыць немэтазгоднымі. Напрыклад, гэта прапанова даць права галасаваць асобам, пазбаўленым дзеяздольнасці, якія не аддаюць сабе справаздачу ў сваіх дзеяннях і не здзяйсняюць у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам грамадзянскіх здзелак.

Таксама Цэнтрвыбаркам не пагаджаецца з прапановай не ўключаць у дзень выбараў у спісы выбаршчыкаў людзей, якія з той ці іншай прычыны не былі ўключаныя туды раней. На думку Ярмошынай, такая прапанова значна абмяжоўвае магчымасці выбаршчыкаў.