Вы тут

Канапацкая: Калі б я вяла бізнес так, як працуе парламент, то была б банкрутам

Дэпутаты новаабранага парламента за паўтары месяцы пасля свайго абрання паспелі толькі падзяліць партфелі і кабінеты. І адразу раз’ехаліся “працаваць у выбарчых акругах”. Якія ўражанні ад першых тыдняў працы мае апазіцыйны дэпутат, што перашкаджае ёй прапанаваць на разгляд калегам свае законапраекты, чаму зняла са сцяны ў кабінеце партрэт Лукашэнкі, расказвае ў эфіры Еўрарадыё Ганна Канапацкая.

Цалкам размову з Ганнай Канапацкай можна паслухаць тут:

Самыя цікавыя цытаты з размовы:

Усё да такой ступені забюракратызавана, што законапраекты, якія мы падрыхтавалі, яшчэ не ўнесеныя і могуць быць унесеныя толькі ў лістападзе. Цяпер дэпутаты працуюць у выбарчых акругах і я не магу сабраць сваю камісію, каб прадставіць законапраекты.

Пасля таго, як я адзіная прагаласавала супраць кандыдатуры Андрэйчанкі на пасаду старшыні Палаты прадстаўнікоў, чакала, што стаўленне з боку калег будзе насцярожанае. Але ўсе паставіліся з разуменнем, а некаторыя нават паказвалі, што, вось ён бы таксама хацеў зрабіць такі выбар, але…

Партрэт Лукашэнкі ў кабінеце я зняла і паставіла акуратна ў шафу: я разумела, што гэта маёмасць, якая мне не належыць і яго трэба захаваць. Але я яго не прымала пад распіску і гэтак жа пад распіску не здавала.

У кабінеце стаіць “вяртушка”, і калі глядзець па нумарах, што там ёсць, то я магу наўпрост патэлефанаваць нават прэзідэнту. Але першаму па тым тэлефоне я патэлефаную міністру адукацыі: не магу пакінуць без разбору сітуацыю з дзяўчынкай, што загінула падчас уборкі бульбы ў Маладзечна.

Я прапаноўвала сваю кандыдатуру на пасаду намесніка старшыні камісіі па эканамічнай палітыцы, але ў адказ пачула, што я нават занадта маладая. Гэта пры тым, што балатавацца на пасаду прэзідэнта ўжо магу!

У арганізацыі працы Палаты прадстаўнікоў так шмат розных тэхнічных накладак! Калі б так вяла свой бізнес, з нейкім такім безадказным стаўленнем, то была б банкрутам, калі не праз тры, то праз шэсць месяцаў — дакладна.

Палата прадстаўнікоў павінна ўзяць на сябе адказнасць за тое, што адбываецца цяпер у эканоміцы краіны.

Найперш прапануем змены ў Крымінальны кодэкс з тым, каб выкрасліць адтуль паняцце лжэпрадпрымальніцкай дзейнасці і змены ў выбарчае заканадаўства.

Памылковае меркаванне, што дэпутат працуе толькі ў Авальнай зале. Тое, што мы там сабраліся і за нешта прагаласавалі ― не паказчык нашай працы

Толькі з дапамогай дэпутацкага мандата ў мяне атрымалася выбіць сабе кабінет, каб прыняць грамадзян. І гэта быў кабінет ажно дырэктара ЖЭСа!