Вы тут

А доказы? Мінск адказаў на абвінавачванні ў датычнасці да крызісу на мяжы

У Мінску кажуць, што далі калегам магчымасць "ахоўваць мяжу самастойна"​ /  @gpkgovby

Беспадстаўнымі назваў абвінавачванні еўрапейскіх краін у тым, што Беларусь датычная да стварэння міграцыйнага крызісу на мяжы, намеснік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта краіны Раман Подлінеў. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю расійскаму інфармацыйнаму агенцтву Навіны.

"Мы часта чуем на ўсіх узроўнях, што Беларусь нібыта ажыццяўляе мерапрыемствы па арганізацыі незаконнай міграцыі, стварыла "міграцыйны крызіс", вядзе "гібрыдную вайну", нібыта аўтамабілямі, у тым ліку службовымі, прывозіць нелегальных мігрантаў да мяжы", — паведаміў Подлінеў. У гэтым падазраюць беларускіх сілавікоў.

"Мы лічым, што гэтыя абвінавачванні ні на чым не заснаваныя, ніякай доказнай базы гэтым заявам няма, не было і быць не можа", — заявіў ён.

Прадстаўнік памежнага камітэта таксама нагадаў, што беларускі бок у апошні час перабудаваў ахову мяжы "зыходзячы з бягучых пагроз бяспецы краіны" і "даў магчымасць... калегам, памежнікам сумежных краін, ахоўваць мяжу самастойна — рабіць самім тое, што раней рабіў беларускі бок".

Падазрэнні ў рукатворным характары міграцыйнага крызісу ўзніклі пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка пачаў казаць, што Беларусь будзе стрымліваць мігрантаў "роўна настолькі, наколькі гэта неабходна і выгадна нашай краіне". Адначасова Беларусь з мая адкрыла некалькі рэгулярных рэйсаў з Ірака, а на мяжы з Літвой значна павялічыліся патокі мігрантаў-выхадцаў з гэтай краіны.

Латвія, Літва, Польшча абвясцілі на сваёй мяжы надзвычайную сітуацыю і не пускаюць мігрантаў на сваю тэрыторыю. Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў ад сваіх сілавікоў не ўпускаць мігрантаў назад. У ЕС гатовыя абмяркоўваць пяты пакет санкцый супраць Беларусі ў адказ на сітуацыю на мяжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.