Вы тут

ЕС пачаў працу над пятым пакетам санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі

Еўрапарламент / Reuters

У Еўрасаюзе пачалася праца над "пятым пакетам" санкцый супраць беларускіх уладаў, напісаў у Твітары брусельскі рэдактар Радыё "Свабода" Рыкард Юзвяк.

Аб працы над новымі санкцыямі распавёў у Еўрапарламенце прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх сувязяў. 

Да гэтага часу былі прынятыя чатыры пакеты санкцый. Яны закраналі як беларускіх чыноўнікаў, сілавікоў і некаторых бізнесоўцаў, так і некаторыя прадпрыемствы.

Новы пакет санкцый міністры замежных спраў Еўрасаюза абмяркуюць ужо на гэтым тыдні. Гэта адбудзецца падчас нефармальнай сустрэчы, таму канчатковыя рашэнні бліжэйшымі днямі прымацца не будуць. 

З ініцыятывай выступіла Вільня. У чорны спіс будзе рэкамендавана дадаць беларускія дзяржаўныя кампаніі, датычныя да "экспарту мігрантаў" праз ўсходнія межы ЕС. Пра гэта на слуханнях у Еўрапарламенце распавёў намеснік кіраўніка МЗС Літвы Мантас Адоменас.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.