Вы тут

“Дні, калі была руская мова, былі стрэсавыя. Ні пра што іншае дзеці не думалі"

“Ён — эталон для пераймання, і ўсё”

 

"У пачатковых класах ён быў выдатнікам. Ездзіў на алімпіяды па матэматыцы і рускай мове. Яму лёгка давалася вучоба... Ён з цудоўнай сям'і. Я не веру, што ён мог такое зрабіць. Калі дзеці кажуць, што чулі нейкія там крыкі... Хіба нехта чуў, каб ён калі-небудзь крычаў?.. Не верыцца, і дай Гасподзь, каб гэта аказалася няпраўдай. Ён заўсёды з усімі сябраваў, ніколі нікога не пакрыўдзіў, не абразіў. Ён — эталон для пераймання, і ўсё. Мне цяжка гаварыць", — на гэтым літаральна са слязьмі ў голасе просіць скончыць размову першая настаўніца Д. Вера Віктараўна.

Дзевяцікласнік Д., якога падазраюць у нападзенні на настаўніцу рускай мовы ў сталічнай гімназіі №74, знаходзіцца ў СІЗА. Яго бацькі з моманту здарэння сына ні разу не бачылі. Пра гэта Еўрарадыё распавядае Алеся Зайкоўская, маці аднакласніцы Д., — яна ўваходзіць у групу актывістаў школы, якія не вераць у вінаватасць хлопца і прагнуць максімальна справядлівага і дакладнага расследавання здарэння.

"Мы, усе бацькі гэтага класа, некаторыя настаўнікі, тыя, хто з ім вучыўся раней, тыя, хто вучыўся ў гімназіі ў розныя часы, — мы ўсе ў шоку. Мы не верым, што гэта зрабіў ён. Настаўніца рускай мовы Валянціна Уладзіміраўна была вельмі канфліктнай, вельмі складанай, у нас ва ўсіх былі скаргі на яе. Мы неаднойчы звярталіся і да класнага кіраўніка, і да дырэктара школы, і наш класны кіраўнік па нашай просьбе хадзіў да дырэктара школы. То бок яна вельмі няпростая дама, — распавядае Алеся. — Мая дачка скончыла малодшую школу на 8-9, а ў шостым класе, пасля прыходу Валянціны Уладзіміраўны, па рускай у яе былі пяцёркі. Сама я з настаўніцай пагутарыла някепска. Яна стварае прыемнае ўражанне. Я абяцала кантраляваць дачку, а яна паабяцала быць менш патрабавальнай. І ў нас сітуацыя выраўнялася. Але дні, калі была руская мова, былі стрэсавыя. Ні пра якія іншыя ўрокі ніхто не думаў — ні мая дачка, ні астатнія дзеці. Дзеці апраналіся пэўным чынам, не дай Божа ёй не спадабаецца, яны вельмі яе баяліся. Урокі рабіліся нават па начах. Бывала такое, што дачка да 2-х ночы робіць рускую, а настаўніца не пытае тое, што задавала".

Гімназіст, пакараны пацярпелай настаўніцай рускай мовы

"Яна ўмела зачапіць менавіта асобу вучняў, а не проста крычала "ідыёт" ці "казёл"

 

Словы Алесі пацвярджае Алена, маці яшчэ адной аднакласніцы Д. Абстаноўка на ўроках рускай мовы нібыта паўплывала на здароўе яе дачкі. Ад стрэсаў дзяўчынка пэўны час наведвала псіхолага.

"Яна ўмела зачапіць менавіта асобу вучняў, а не проста крычала "ідыёт" ці "казёл", — тлумачыць Алена.Я запэўнівала дачку, што чалавек спрабуе давесці свой прадмет. Я хадзіла да завуча. Але зразумела, што нічога не будзе, раз столькі людзей скардзілася і ўсё заміналася. Дзеці баяліся скаргаў бацькоў. Мая проста на калені падала: "Мамачка, толькі не ідзі ў школу"".

 

"Ён не баец. У яго не было агрэсіі ні на трэніроўках, ні ў жыцці"

 

Па словах Алесі Зайкоўскай, Д. быў адным з самых моцных вучняў 9"А" і пры гэтым не меў комплексу выдатніка: спакойна і па-філасофску ставіўся да адзнак. Яго бацька — доктар. Маці вельмі шмат увагі надзяляла адукацыі сына, які яшчэ ў пачатковай школе перачытаў усяго "Гары Потэра". Найлепшую характарыстыку хлопцу дае і яго трэнер па рукапашным боі Алег Панчанка, Д. займаўся ў яго каля 10 гадоў.

"Ведаеце, у святле гэтых падзей пачынаеш шукаць яго адмоўныя бакі. Я не знаходжу, — кажа Алег. — Я не веру, што ён мог такое зрабіць. Калі дакажуць, што гэта ён, я проста не ўяўляю, што магло яго, спакойнага і дысцыплінаванага, штурхнуць на такія дзеянні. Я шчыра не веру, што гэта зрабіў ён. Да таго ж ён не баец. У яго не было агрэсіі ні на трэніроўках, ні ў жыцці. Я паспрабаваў яго ў спаборніцтве, але зразумеў, што хлопец не імкнецца быць першым, проста займаецца для сябе. Я сам хацеў бы разабрацца ў гэтым, што адбылося... Не веру..."

Д. разам з сябрамі па трэніроўцы. Фота было зроблена ў 2014 годзе.

"Атрымліваецца, што настаўнікаў абараняць трэба, а дзяцей — не?

 

Сведак трагедыі ў гімназіі №74 няма.

"У школе ў той дзень былі адкрытыя ўсе тры ўваходы. Відэа стаіць толькі над адным. Мог зайсці хто заўгодна. Вельмі зручна гэта зрабіць у школе, каб падумалі на некага з вучняў. Следства іншыя версіі не адпрацоўвае. Чаму? І тое, што з боку адміністрацыі школы ідзе ціск, — гэта абурае. Атрымліваецца, што настаўнікаў абараняць трэба, а дзяцей — не? У нас ёсць пачуццё віны, што мы дапусцілі такое", — пераймаецца Алеся.

 

Хроніка панядзелкавай раніцы 23 траўня

 

Бацькі-актывісты нават паспрабавалі сабраць хроніку той раніцы, кіруючыся інфармацыяй з камер назірання і размовамі з настаўнікамі і дзецьмі.

"8:12. Д. заходзіць у школу (яго прывозіць маці).

8:15. Размаўляе з настаўніцай французскай мовы, яна пытае, чаму ён прыехаў так рана, бо першы ўрок адменены.

8:17. Сустракае свайго аднакласніка. У гэты ж час у кабінет рускай мовы заходзіць настаўніца геаграфіі. Усё ў парадку.

8:24. Настаўніца рускай мовы Валянціна Уладзіміраўна тэлефануе дачцэ і кажа, што на яе здзейсненае нападзенне.

У 8:31 хлопец разам з сябрам ідзе прагуляцца на вуліцу.

8:51. прыходзіць у гардэроб і рыхтуецца да ўрока фізкультуры. У гэты час яму тэлефануе бацька і кажа, што Д. здзейсніў нападзенне на настаўніцу. Д. перапытвае бацьку, ці правільна ён зразумеў яго".