"Для сябе": у Беларусі прайшлі выбары, якія зноў не прызнала Еўропа

17 лістапада — выбары ў Палату прадстаўнікоў / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё
17 лістапада — выбары ў Палату прадстаўнікоў / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

У Беларусі прайшлі выбары ў Палату прадстаўнікоў — ніжнюю палату парламента. Іх вынікі не прызнала АБСЕ, а беларускія апазіцыйныя палітыкі і незалежныя назіральнікі дык і зусім бяруць слова "выбары" ў двукоссе. На іх думку, 110 дэпутатаў папросту прызначылі. Мяркуйце самі:

— у новы парламент не прайшоў ні адзін апазіцыянер;
— кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выгналі з выбарчага ўчастка;
— вылічыць праўладных кандыдатаў было так лёгка, што незалежныя СМІ з 95-працэнтнай дакладнасцю прадказалі, хто будзе абраны дэпутатам;
— на датэрміновым галасаванні, якое доўжыцца ў Беларусі пяць дзён, яўка перавысіла 35%. На думку незалежных назіральнікаў, яўка была завышана, каб укідамі бюлетэняў забяспечыць перамогу "патрэбным" кандыдатам;
— назіральніка, які зняў на відэа спробу ўкіду бюлетэняў у Брэсце, і такіх, як ён, Аляксандр Лукашэнка ў дзень выбараў прылюдна назваў мудакамі;

— афіцыйная яўка на момант закрыцця выбарчых участкаў склала 77,22%. Пры гэтым многія выбаршчыкі, якія галасавалі ўвечары, распісваліся ў атрыманні бюлетэня на пустых прыпісных лiстах — гэта значыць былі першымі са сваіх пад'ездаў і дамоў, хто прыйшоў галасаваць.

“Для себя”: в Беларуси прошли выборы, которые снова не признала Европа

Перад выбарамі Лукашэнка сказаў, што хацеў бы ўбачыць у парламенце пераемнасць: маўляў, добра было б, каб трэць дэпутатаў засталася на наступны тэрмін і навучыла ўсіх астатніх, што трэба рабіць. Па нейкім дзіўным супадзенні так і атрымалася: у новым складзе Палаты прадстаўнікоў 30 дэпутатаў з старога складу. Нагадаем, усяго іх 110. Толькі двое "народных абраннікаў" нечакана прайгралі выбары, адзін, верагодна, — з-за праблем са здароўем, другі — верагодна, у сувязі са "стратай даверу".

Фармальна ў беларускім парламенце стала больш партыйных дэпутатаў: 21 супраць 16 у папярэднім складзе. Кожны дзявяты дэпутат — камуніст, яшчэ восем прадстаўляюць кішэнныя партыі, пра якія мы ўспамінаем толькі падчас выбараў, а яшчэ адзін — лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч, былы міліцыянер, бацька якога ўваходзіў у верхнюю палату парламента.

“Для себя”: в Беларуси прошли выборы, которые снова не признала Европа
Фота з беларускіх выбараў / mogilev-region.gov.by

Паводле звестак кампаніі "Права выбару", за час назірання за выбарамі-2019 у Беларусі выяўлена 731 парушэнне. У асноўным гэта адсутнасць адкрытага падліку галасоў: ёсць выпадак, калі назіральнікаў пасадзілі каля адной сцяны школьнай спартзалы, а скрыні з бюлетэнямі адкрывалі каля супрацьлеглай. Назіральнікі падалі 622 скаргі. На пяці з дзевяці акруг, дзе працавалі прадстаўнікі кампаніі "Права выбару", выбары не адбыліся з-за нізкай яўкі.

Кандыдат у дэпутаты з "Моладзевага блока" Стас Шашок і яго давераная асоба Пётр Маркелаў спрабавалі аспрэчыць вынікі выбараў на адным з участкаў. У выніку Маркелава проста падчас стрыму ў "Фэйсбуку" скруціла міліцыя.

Назіральнікі місіі АБСЕ пасля выбараў заявілі пра "сур'ёзныя працэдурныя праблемы пры падліку галасоў". Па словах спецыяльнага каардынатара Маргарэты Сэдэрфельт, гэтыя факты прымушаюць асцярожна ставіцца да справядлівасці падліку:

"Мы адзначылі, што вялікая колькасць кандыдатаў падала заяўкі на ўдзел у выбарах, але іх удзел абмежавалі. Гэтыя выбары прадэманстравалі поўную адсутнасць выканання дэмакратычных абавязацельстваў. У дзяржаве, дзе паўнамоцтвы і незалежнасць парламента абмежаваныя, а асноўныя свабоды як выбаршчыкаў, так і кандыдатаў ушчамляюць, існуе небяспека ператварэння парламенцкіх выбараў у фармальнасць".

Прадстаўнікі АБСЕ расчараваныя, што беларускія ўлады не выканалі рэкамендацый па змене выбарчага заканадаўства. У адказ на гэта МЗС Беларусі заяўляе, што ў Мінску гатовыя да канструктыўнай крытыкі з боку заходніх партнёраў , але не прымаюць "беспадстаўнага і татальнага шальмавання". Выбарчае заканадаўства і выбарчыя працэдуры "калі і будуць удасканальвацца, то не па чыёйсьці ўказцы, а па запатрабаваннях нашага грамадства і эвалюцыйным шляхам". А выбары ў Беларусі праводзяцца не для нейкіх вонкавых сіл, а "для сваёй краіны і народа".

Больш падрабязна пра тое, як праходзілі выбары, — у анлайне, які вяло Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі