Райвыканкамы Гомельшчыны масава закупляюць тактычныя аптэчкі — "Флагшток"

Старшыня аблвыканкама Іван Крупко (справа) на зборах тэрабароны ў Рагачове ў 2024-м 

Старшыня аблвыканкама Іван Крупко (справа) на зборах тэрабароны ў Рагачове ў 2024-м  / "Свабоднае слова"

Райвыканкамы ў Гомельскай вобласці закупляюць індывідуальныя тактычныя аптэчкі. Пра гэта піша мясцовае выданне "Флагшток", якое вывучыла абвешчаныя тэндары.

Пра закупкі аптэчак абвясцілі Рагачоўскі, Светлагорскі і Кармянскі райвыканкамы. Аналагічныя заяўкі раней давалі выканкамы іншых абласцей Беларусі.

У розных раёнах купляюць розную колькасць аптэчак. Напрыклад, у Карме хочуць купіць чатыры аптэчкі, у Светлагорску — дзесяць, а ў Рагачове — толькі адну, але даволі дарагую: за 300 рублёў (каля 100 долараў).

У тэндары распісана, што павінна быць у аптэчцы. Некаторыя элементы ў пераліку, як адзначае "Флагшток", сведчаць, што гаворка ідзе пра аптэчку, якую прымяняюць пры баявых дзеяннях. Напрыклад, гэта нажніцы атраўматычныя з карабінам для хуткага мацавання на экіпіроўцы, індывідуальная картка агляду пацярпелага, сама аптэчка павінна быць у форме падсумка.

Імаверна, аптэчкі закупляюцца для мясцовай тэрытарыяльнай абароны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.