Каліноўцы: Украіна павінна дзейнічаць мудра
Баец Палка Каліноўскага "Свіцязь" / асабісты архіў
Пасля ўльтыматуму Зяленскага Лукашэнку ўзніклае паміж краінамі напружанне, здаецца, сціхла. Хоць эксперты лічаць, што гэта ненадоўга — усё будзе залежаць ад Пуціна. Крэмль будзе настойваць, каб Беларусь і надалей заставалася саюзніцай Расіі і ў выпадку неабходнасці ўступіла ў вайну.
Пра тое, ці нападуць беларусы на Украіну і ці нанясе Украіна прэвентыўны ўдар па беларускіх НПЗ у выпадку аднаўлення працы рэтранслятараў, выданне hromadske пагаварыла з байцамі Палка імя Кастуся Каліноўскага.
Магчымасць новага паходу на Кіеў
Ужо пяты год Украіна будуе на мяжы з Беларуссю цэлыя ўмацаваныя раёны. У краіне невыключаюць, што Пуцін зноў паспрабуе пайсці на Кіеў зтэрыторыі Беларусі, а Лукашэнка яшчэ разарганізуе яму бяспечны транзіт.
“Расія — такая краіна, ад якой можна чакаць чаго заўгодна. Нават загнаная ў тупік, яна можа напасці на Польшчу, краіны Балтыі, штурмаваць Украіну з боку Гомеля або Брэста. Аднак думаю, што Лукашэнка пакуль будзе ўсімі магчымымі спосабамі ўхіляцца ад такой сітуацыі. Але калі Расія гэтага захоча — яна яго прымусіць, бо ён ва ўсім вельмі ад яе залежыць”, — кажа баец з пазыўным “Свіцязь”, разважаючы пра магчымасць новага ўварвання расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.
Калі Лукашэнка настолькі крытычна залежыць ад Расіі, ці не адправіць ён па патрабаванні Пуціна беларускую армію, каб прымусіць Украіну ваяваць на два фронты?
На думку вайскоўца, які прадставіўся Альгердам, цяпер Расіі нявыгадна ўцягваць Беларусь у непасрэдныя баявыя дзеянні супраць Украіны — яна выкарыстоўвае беларускія рэсурсы іншым чынам.
“Расія выкарыстоўвае на сваю карысць да 70% беларускага ВУП — гэта рамонт і вытворчасць новай тэхнікі, рамонт узбраення. Беларусі не пагражаюць украінскія дроны і ракеты, таму Пуцін выкарыстоўвае яе тэрыторыю для абкаткі новай тэхнікі і падрыхтоўкі сваіх мабілізаваных «чмобікаў»”, — тлумачыць Альгерд.
Пабрацім Альгерда, Салам, разглядае гэтае пытанне ў палітычнай плоскасці. Паводле яго слоў, удзел беларускай арміі ў баявых дзеяннях супраць Украіны для Лукашэнкі з’яўляецца палітычным самазабойствам. Бо адзін з галоўных падмуркаў ягонай улады — тэзіс “каб не было вайны”.
“У 2015 годзе, калі ва Украіне ішла АТА, падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Лукашэнка казаў: «Калі хочаце вайну, як ва Украіне, то галасуйце за апазіцыю». Калі пачалася поўнамаштабная вайна, ён казаў тое ж самае, і яшчэ дадаваў, што вайна стала вынікам еўрапейскага курсу Украіны.
Ёсць яшчэ адзін аспект. У лютым 2022 года Лукашэнка верыў у ваенную моц Расіі, у «Кіеў за тры дні». Сёння ён ужо ў гэта не верыць і не хоча быць уцягнутым у пройгрышную справу вайны ва Украіне”, — кажа Салам.
Акрамя таго, у пытанні магчымага ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны варта ўлічыць яшчэ некалькі фактараў: недавер Пуціна да беларусаў, настроі саміх беларусаў і… стан беларускай арміі.
Паводле Альгерда, Пуцін настолькі не давярае беларусам, што, напрыклад, у 2022 годзе нават не дапускаў мясцовых дактароў да параненых расійскіх вайскоўцаў, якія лячыліся ў беларускіх шпіталях, — медыкаў для працы з вайскоўцамі прывозілі з Расіі. Таксама Пуцін не прымусіў Лукашэнку наступаць разам з ім на Украіну ў 2022 годзе, калі той яшчэ верыў у магчымасць расійскай перамогі. На думку Альгерда, прычына ў тым, што Пуцін ведае: прэзідэнт Беларусі не мае шырокай падтрымкі сярод грамадзян сваёй краіны.
“Калі Зяленскі паставіў ультыматум Лукашэнку наконт рэтранслятараў, якія карэкціравалі рух расійскіх дронаў, я бачыў, што пісалі беларусы ў сацсетках. Што вайна ім нах*р не патрэбная, а таксама: «Расіяне, разбірайцеся з Украінай самі, не ўцягвайце нас у сваю вайну».
Было шмат паведамленняў пра тое, што калі Беларусь улезе ў вайну, то няхай Лукашэнка ваюе сваімі сіламі. Вядома, ёсць частка беларусаў, якім расійская прапаганда прамыла мазгі, але большасць беларусаў баяцца вайны і не гатовыя ваяваць за Лукашэнку. Лукашэнка гэта ведае і не будзе рызыкаваць сваёй уладай”, — адзначае Салам.
Яшчэ адзін суразмоўца выдання — баец з пазыўным “Гетман” — перакананы, што Лукашэнка не будзе ўзбройваць свой народ, каб той удзельнічаў у баявых дзеяннях супраць Украіны, бо разумее, што беларусы могуць накіраваць гэтую зброю супраць яго самога.
Пры гэтым суразмоўцы выдання лічаць удзел беларускай арміі ў вайне супраць Украіны малаверагодным яшчэ і таму, што вельмі нізка ацэньваюць узровень яе баяздольнасці.
“На адзінку па дзесяцібальнай шкале”, — кажа Гетман.
Салам звяртае ўвагу на тое, што беларуская армія, якая ўмее бегаць у прыгожай форме на палігонах падчас вучэнняў, зусім не мае баявога досведу, што ніхто не бачыў на полі бою ва Украіне найноўшага беларускага ўзбраення, хоць перыядычна з’яўляецца інфармацыя пра пэўныя распрацоўкі. Наўрад ці вайскоўцы Лукашэнкі гатовыя да вядзення сучаснай вайны дронаў, хоць час ад часу яны і збіваюць расійскія дроны, якія залятаюць на тэрыторыю Беларусі.
“Магчыма, тэарэтычна мабілізацыйны рэзерв у 400 тысяч у Лукашэнкі ёсць. Але рэальна гэтыя людзі зробяць усё, каб не быць мабілізаванымі. Пачнуць масава выязджаць з краіны ці нават пратэставаць. І зноў паўстане пытанне рэпрэсій, каб іх прымусіць, а гэта дорага і складана — беларускія турмы ўжо перапоўненыя. То-бок прымусіць гэтыя 400 тысяч рэальна ўдзельнічаць у вайне супраць украінцаў будзе архіскладанай задачай”, — запэўнівае Свіцязь.
Ці нанясе Украіна ўдар?
Калі беларускія НПЗ дзеляцца нафтапрадуктамі з Расіяй, Беларусь пускае расійскіх вайскоўцаў на свае палігоны, а з дапамогай беларускіх рэтранслятараў Расія накіроўвае ва Украіну свае ўдарныя дроны, ці можа Украіна наносіць удары па інфраструктуры, якую Расіявыкарыстоўвае ў інтарэсах сваёй арміі?
Гетман лічыць, што Украіна мае поўнае права абстрэльваць Беларусь, якая ў 2022 годзе фактычна стала саагрэсарам Расіі. І калі з тэрыторыі Беларусі ва Украіну зноў пойдуць варожыя войскі або паляцяць ракеты, Украіна будзе мець права адказаць, каб абараніцца. А паколькі сёння агрэсіі з тэрыторыі Беларусі няма, то для выкарыстання дронаў супраць Беларусі, напрыклад, для ўдараў па яе НПЗ, у Украіны, на думку Гетмана, няма падстаў.
У той жа час, лічаць суразмоўцы выдання, Украіне варта ўлічыць мноства магчымых наступстваў выкарыстання зброі супраць Беларусі.
“Калі Украіна ўвядзе свае наземныя войскі ў Беларусь, ёй давядзецца здымаць іх з іншых участкаў фронту. Утрымліваць акупаваную беларускую тэрыторыю — гэта сутыкнуцца з вялікай колькасцю лагістычных праблем. А навошта? Лукашэнка не дэманструе ніякага жадання ўвязвацца ў вайну. Да таго ж не забывайце пра Кітай, які ў свой час уклаў у Беларусь нямала рэсурсаў. Беларусь з’яўляецца ягоным лагістычным калідорам у Еўропу, і Кітай не захоча, каб гэты шлях закрыўся праз вайну.
Таму я думаю, што Украіна сёння можа выканаць свае задачы ў Беларусі і без увядзення наземных войскаў. Напрыклад, кропкава выкарыстоўваць дроны — знішчыць тыя ж рэтранслятары”, — кажа Салам.
На думку Свіцязя, абстраляць беларускія НПЗ для Украіны не складае вялікай цяжкасці. Але калі гэтыя заводы ў Мазыры і Наваполацку будуць знішчаны, Беларусь пазбавіцца паліва для патрэб унутранага рынку. А гэта толькі павялічыць яе залежнасць ад Расіі. І Расія зможа шантажыраваць Беларусь гэтай залежнасцю, патрабуючы ў абмен на пастаўкі паліва пэўных уступак.
“Таму Украіна павінна дзейнічаць мудра”, — перасцерагае Свіцязь.
Салам жа спадзяецца, што да ўкраінскіх абстрэлаў Беларусі сітуацыя не дойдзе — ён вельмі не хацеў бы, каб вайна перайшла на тэрыторыю ягонай краіны.
Як жа сёння Украіне выбудоўваць свае адносіны з Беларуссю?
Перш за ўсё, па перакананні Альгерда, ніколі і ні ў чым не давяраць Лукашэнку — ён робіць і кажа толькі тое, што яму дазваляе Расія.
Як адзначае Салам, Украіне нарэшце трэба вызначыцца са сваёй стратэгіяй у дачыненні да Беларусі, абедзве краіны маюць жа агульнага ворага — Маскву.
“Сёння Украіне варта акрэсліць выразныя межы, чырвоныя лініі, якія Лукашэнка ў сваёй палітычнай балансіроўцы паміж Расіяй, Украінай і Еўропай не павінен пераходзіць. Так, каб ён ведаў: як толькі ён перасякае гэтыя межы, украінскія ракеты ляцяць на яго рэзідэнцыю. І калі адносіны з Ціханоўскай палепшаць становішча беларусаў ва Украіне, у прыватнасці, вайскоўцаў, то іх трэба падтрымліваць”, — лічыць Салам.
…У палку Каліноўскага няма ніводнага выпадку СПЧ [самавольнага пакідання часці — рэд.], бо ягоныя хлопцы ведалі, куды і навошта прыйшлі. Калі гіне нехта з байцоў гэтага падраздзялення, іх сем’і не атрымліваюць па 15 мільёнаў грыўняў дзяржаўнай выплаты. А хлопцы ўсё роўна ваююць. Трапіць у палон да расіян або знікнуць без вестак для іх сапраўды азначае проста знікнуць. Бо ніхто з родных не піша пра іх заявы ў паліцыю і ніхто не здае біяматэрыял для аналізу ДНК для магчымага апазнавання. А хлопцы ўсё роўна ваююць. Яны змагаюцца і збіраюць грошы, каб падтрымліваць ветэранаў сваёй часці, калі ў тых узнікаюць праблемы з атрыманнем фінансавай дапамогі ад дзяржавы Украіна.
"Ці гатовы я ваяваць за Украіну бясплатна, калі не буду атрымліваць нават баявыя выплаты ці грошы пасля ранення? Думаю, што так. З пункту гледжання сэнсаў гэтыя выплаты не маюць ніякага значэння. Бо на першым месцы — ідэя, дзеля якой я пайшоў на фронт. Я павінен вызваляць Украіну ад расійскай акупацыі і дапамагаць ёй змагацца з расійскім імперыялізмам. Таму што для Беларусі гэта мае першаступеннае значэнне: яна знаходзіцца пад акупацыяй Расіі і павінна быць свабоднай”, — кажа Гетман.
Баец упэўнены: большая частка беларусаў ганарыцца байцамі Палка Каліноўскага. І калі ў сілу абставін Палку давядзецца заходзіць у Беларусь, ён дакладна атрымае дапамогу ад суайчыннікаў.
Матэрыял створаны пры падтрымцы “Медыясеткі”