Вы тут

АБСЕ не прызнала беларускія выбары адпаведнымі міжнародным стандартам

Еўрарадыё

Выбары ў Палату прадстаўнікоў, якія прайшлі 17 лістапада ў Беларусі, не адпавядалі міжнародным дэмакратычным стандартам. Да такой высновы прыйшлі міжнародныя назіральнікі Парламенцкай асамблеі АБСЕ і БДІПЧ АБСЕ па выніках свайго назірання. 

З такой заявай на прэс-канферэнцыі 18 лістапада выступіла спецыяльная каардынатарка АБСЕ Маргарэта Седэрфельт. Па яе словах, выбары 17 лістапада прайшлі ў спакойнай абстаноўцы, але не адпавядалі стандартам правядзення выбараў.

Назіральнікі АБСЕ кажуць пра "сур’ёзныя працэдурныя праблемы пры падліку галасоў". Па словах Седэрфельт, гэтыя факты прымушаюць асцярожна ставіцца да справядлівасці падліку. 

"Мы адзначылі, што вялікая колькасць кандыдатаў падалі заяўкі на ўдзел у выбарах, але іх удзел абмежавалі. Гэтыя выбары прадэманстравалі поўную адсутнасць выканання дэмакратычных абавязанняў. У дзяржаве, дзе паўнамоцтвы і незалежнасць парламента абмежаваныя, а асноўныя свабоды як выбарцаў, так і кандыдатаў ушчамляюць, існуе небяспека ператварэння парламенцкіх выбараў у фармальнасць", — паведаміла спадарыня Седэрфельт. 

Прадстаўнікі АБСЕ расчараваныя, што беларускія ўлады не выканалі рэкамендацыяў па змене выбарчага заканадаўства. Асноўныя змены, якія прапанавала АБСЕ пасля папярэдніх выбараў, датычылі прынцыпаў фармавання выбаркамаў, правоў кандыдатаў і празрыстасці падліку галасоў. Гэтыя ж рэкамендацыі застаюцца актуальнымі і сёння, канстатавала спецкаардынатарка АБСЕ. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Прэс-рэліз назіральнікаў АБСЕ